Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міліцыянт хацеў вылецець у ЗША з Румыніі, — падрабязнасьці крадзяжу 270 тысяч даляраў з сэйфа МУС


Былы супрацоўнік ГУБАЗіК МУС, які падазраецца ў крадзяжы амаль 270 тысяч даляраў, запасным ключом дастаў грошы з сэйфа напарніка. У Румыніі ён быў затрыманы па лініі Інтэрпола, аднак атрымаў грамадзянства гэтай краіны і быў адпушчаны, паведамляе TUT.BY.

— Гэты супрацоўнік ня першы год працуе ў ГУБАЗіК МУС, і такога ад яго, вядома, ніхто не чакаў. Сваім учынкам ён падставіў напарніка, — сказала крыніца TUT.BY. — Было так: амаль 270 тысяч даляраў опэрупаўнаважаны канфіскаваў пры затрыманьні дырэктара візавага цэнтру. Пытаньне пра перадачу такой сумы ён абмяркоўваў са сьледчым СК, аднак той сказаў, што ня будзе захоўваць яе ў сябе. Супрацоўнік ГУБАЗіК паклаў даляры ў сэйф, зачыніў. Але дублікат ключа заўсёды мае напарнік — мала што можа здарыцца. Гэтым і скарыстаўся яго калега: прыйшоў у выходны дзень, забраў 270 тысяч даляраў і зьехаў спачатку ва Ўкраіну, дзе жывуць яго сваякі, а затым у Румынію. Па нашай інфармацыі, ён зьбіраецца вылецець да сястры ў Амэрыку.

21 красавіка міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч пацьвердзіў журналістам, што да крадзяжу датычны супрацоўнік праваахоўных органаў.

«Я магу толькі адно сказаць: няма роду без выроду, гэта ганьба яму і яго сям’і», — сказаў міністар.

Журналісты выказалі здагадку, што да гучнай справы можа мець дачыненьне былы старшы ўпаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБАЗіК МУС Беларусі Андрэй Уразаў. Менавіта ён 29 сьнежня 2016 году камэнтаваў журналістам затрыманьні ў візавым цэнтры, а ў лютым супрацоўнік міліцыі ўжо шукаў працу ў службе аховы на спэцыялізаваным сайце.

Паводле TUT.BY, сэйф, у якім ляжалі грошы, знаходзіўся ў кабінэце ня Ўразава, а зусім іншага супрацоўніка.

Паводле крыніцы ў Бухарэсьце, гэты чалавек грамадзянін Румыніі і пражывае ў гэтай краіне:

«Паводле дакумэнтаў міжнароднага вышуку ён быў затрыманы ў Румыніі. Аднак у сувязі з тым, што ён цяпер грамадзянін Румыніі і Румынія не выдае сваіх грамадзян трэцім краінам, ён быў адпушчаны».

Амэрыканская віза гэтаму грамадзяніну была ануляваная ў сувязі са злачынствам, учыненым на тэрыторыі Беларусі. Пакінуць Румынію яму будзе немагчыма, бо ён у міжнародным вышуку. Менавіта таму яго і затрымалі ў аэрапорце, калі ён спрабаваў вылецець у ЗША.

Цяпер былы беларускі міліцыянт у Румыніі. Ён прыехаў у гэтую краіну адзін, сям’і ў яго няма.

У беларускім МУС ад камэнтароў адмовіліся.

Сёлета на пачатку студзеня з сэйфа ў будынку Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі было выкрадзена амаль 270 тысяч даляраў. Пра гэта стала вядома з пастановы Шаўчэнкаўскага раённага суду Кіева, апублікаванай ў Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны.

8 студзеня падазраваны выкраў з кабінэту № 107 адміністрацыйнага будынка на Рэвалюцыйнай вуліцы грашовыя сродкі ў памеры 269 150 даляраў. У той жа дзень, яшчэ да вечара, ён перасек дзяржаўную мяжу Беларусі і выехаў ва Ўкраіну. Раніцай 9 студзеня зламысьнік выехаў у Румынію, дзе ягоныя сьляды губляюцца.

МУС Беларусі ўтойваў інфармацыю да таго часу, пакуль, дзякуючы адкрытасьці ўкраінскіх дзяржаўных рэсурсаў, яе не растыражавалі СМІ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG