Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць Жамчужнага спынілі, яго пакінулі ў калёніі


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

Суд Барысаўскага раёну 21 красавіка спыніў справу пра перавод Міхаіла Жамчужнага з папраўчай калёніі ў турму.

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 20 красавіка адміністрацыя калёніі № 14 у пасёлку Навасады Барысаўскага раёну нечакана адклікала прадстаўленьне аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым утрыманьня.

Прадстаўленьне было складзенае на падставе трох спагнаньняў, паведаміла карэспандэнту Свабоды сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка.

«Судзьдзя апавясьціў, што ўчора кіраўніцтва калёніі адклікала сваё прадстаўленьне аб пераводзе на турэмны рэжым. Мы былі моцна зьдзіўленыя. Вытворчасьць справы спынілі. Жамчужны застаецца ў калёніі ў Навасадах. Мы будзем рабіць далейшыя дзеяньні дзеля вызваленьня Жамчужнага, каб прысуд яму быў перагледжаны, каб ён быў прапарцыйны і справядлівы. Мы будзем далей падтрымліваць яго як палітвязьня», — сказала Равяка.

Падчас сёньняшняга суду не было прадстаўнікоў адміністрацыі калёніі, самога Жамчужнага туды не дастаўлялі. Пасяджэньне было кароткім.

«Мы рады сёньняшняму рашэньню. Але многія праблемы ня вырашаны, бо Міхаіл Жамчужны застаецца пад вартай. Але сёньня была спынена спроба пагоршыць умовы яго ўтрыманьня, і я рада, што так адбылося», — сказала Тацяна Равяка.

Заснавальнік «Плятформы інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Кіраўнік «Плятформы» Андрэй Бандарэнка ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды назваў пазытыўным рашэньне калёніі адклікаць заяву пра перавод Жамчужнага на турэмны рэжым.

«Аднак у нашай пэнітэнцыярнай сыстэме складана казаць, што адбудуцца нейкія зьмены ў бок паляпшэньня ўмоў яго ўтрыманьня. Паколькі агульнавядома, што яны могуць працягнуць зьдзекі зь яго непасрэдна ў самой калёніі. Таму тое, што Міхаіла не перавялі ў турму, гэта яшчэ не паказьнік таго, што ў яго палепшацца ўмовы ўтрыманьня. Хоць само па сабе гэта дэманстрацыя таго, што адміністрацыя пачула звароты „Вясны“ і нашы звароты ў дэпартамэнт. Каб хаця б не пагаршаць адкрытым чынам яго становішча».

Бандарэнка сказаў, што праваабаронцы будуць зьвяртацца, сярод іншага, у эўрапейскія структуры, каб зьвярнуць асаблівую ўвагу на становішча палітвязьняў у Беларусі, у тым ліку Міхаіла Жамчужнага.

Жамчужнага пасадзілі за наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія зьмяшчаюць службовую таямніцу; незаконнае набыцьцё сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу; а таксама даваньне хабару.

Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і патрабуюць спыніць яго перасьлед.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG