Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першародны грэх беларусізацыі


Алена Кіш. Рай
Алена Кіш. Рай

Па радыё Іван Кірчук сьпявае старую песьню: «Вой, у нашым раю жыць весела. Але не-ка-му». Няма каму жыць у сінявокім раі. Яшчэ продкі ведалі. Нічога не памянялася.

Вялікдзень. Ці Пасха. Радаснае сьвята. Па словах сьвятароў. Гарадзкія людзі з кошыкамі. Хлеб, соль, яйкі фарбаваныя і гэтак далей. Сьпяшаюцца. Прывычка. У храм. Ксёндз ці бацюшка апырсквае сьвятой вадою кожныя паўгадзіны. І людзей поўна. Мужчын у тым ліку. Многія паголеныя, але ня ўсе. Трэба стаць бліжэй, кошык перад сабой трымаць. Каб кроплі сьвятой вады трапілі, калі пойдзе сьвятар, размахваючы квачом.

Усё, закончана, можна дахаты. Ці ўкленчыць перад дэкарацыяй — пячорай, дзе Хрыстос быў пахаваны, часова. Альбо — вось пакладзены крыж да лаве — пацалаваць. Твар у твар зь людзьмі. Бачыш вочы, анфас. І робіцца ніякавата. Ты ўсьведамляеш, што твары ў лепшым разе нічога не выражаюць. Стомленыя, абыякавыя. Часам скажоныя нейкай цяжкай думкай ці эмоцыяй. Нярадасныя твары. Неадухоўленыя. І дакладна не таму, што Хрыстос мае ўваскрэснуць толькі на наступны дзень.

Жыцьцё хутчэй нярадаснае. Няма аптымізму. Гмах дзяржаўны нагадвае саркафаг. Няма вежаў, няма званоў. Замест рыцара лунае ў паветры міліцыянт з гумай, заціснутай у кулаку. Няможна разьняволіцца.

Назаўтра ад сьвятара людзі пачуюць пра хлеб і закваску. І кожны зразумее па-свойму. Хтосьці, што лепей быць хлебам простым, праснакам. Без разынак і дадаткаў. Іншы — што хлеб наш прэсны і ніякі, і ня можа смакаваць. Бо закваска страціла тэрмін, непрыдатная. І зразумеюць, што мова насамрэч пра нас, пра народ. І будуць абавязкова словы: молімся за наш Край і за нас. І ня будзе гэтым разам згадкі ў малітве аб начальстве, каб кіравала як мае быць, па справядлівасьці.

Вы чуеце? Беларускую мову з касьцёлаў? Нават да польскіх ксяндзоў дайшло, на беларускай імшу праводзяць. Каб адчулі сябе супольнасьцю людзі. Можна колькі заўгодна гаварыць, што галоўнае Бог, што ён на першым месцы, людзі пад хунтамі палкоўнікаў і генэралаў у Лацінскай Амэрыцы не адчувалі сябе ў бясьпецы. Не адчувалі абароненымі, не адчувалі супольнасьцю. Былі зашуганыя, бедныя, бездапаможныя.

Беларускае слова ў касьцёле — гэта спосаб зьяднаць людзей. Каб адчулі сябе супольнасьцю не на словах. Стварэньне народа, беларусаў — вось што гэта па сутнасьці. Недабудаваная краіна, недаствораны народ. Не захоча быць свабодным, не захацеўшы быць самім сабой. Не захоча жыць як людзі, як маці-Эўропа.

Падспудна людзі ўсё адчуваюць. Адкуль радасным быць тварам? Калі самых сапраўдных беларусаў за краты? Калі справа ГПУ жыве і квітнее? Калі гойсаюць чорныя атрады па вуліцах?

Бальшавікі не хацелі дапусьціць, каб існавалі беларусы. Як асобны, сапраўдны народ. Не ўваходзіла ў пляны. Пілсудзкі «дапамог». Калі пачаў душыць беларускі рух, падзяліўшы зь ім напалам беларусаў, скарысталіся козырам. Дазволілі беларусам стварацца, каб размахваць перад носам «маршалка», каб выкарыстоўваць у сваіх крамлёўскіх мэтах.

Каб у Горадні існавала няхай дэкарацыйная БНР, Менск быў бы горадам Расейскай Фэдэрацыі. Не было ніякай БССР.

Дазволіўшы ў тактычных мэтах стварэньне беларускай рэспублікі, беларусізацыю і ўсяго на некалькі гадоў, бальшавікі сталі помсьціць. Беларусізацыя ў іхнай біяграфіі як першародны грэх, за які сябе вечна цкавалі пасьлядоўнікі хрысьціянскага вучэньня.

І Сталін з-пад крамлёўская сьцяны працягвае помсьціць. З падвойным імпэтам. За другую беларусізацыю, пры Шушкевічу.

Галоўная «цывілізацыйная» задача рэжыму, яго місія, крэда, бачацца ў тым, каб Беларусь ня стала беларускай. Каб беларусы не адчулі сябе беларусамі. Такім народам, як суседнія. Літоўцы ці палякі. Гэта нельга. Гэта — «нацыяналізм». Паводле ГПУ — злачынства. Быць беларусамі — злачынства… І ён спраўляецца са сваёй задачай ня зьмежваючы вачэй.

Помсьцяць яны, што дазволілі аднойчы беларусам адчуць сябе беларусамі.

Нацыянальная ідэя, яна — тое ж самае, што «незарэгістраваная» Пагоня. Але хлеб не замяняюць няхлебам. Нацыянальную ідэю гаварыльняй. «Лишь бы не было войны» або «суверенитет — это рентабельно». Хто б сумняваўся. Але для каго?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG