Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Астравецкая АЭС — «Знак бяды», — апазыцыя і эколягі заявілі пра парушэньні пры будаўніцтве атамнай станцыі


Дамагчыся грамадзкіх слуханьняў у Палаце прадстаўнікоў і ў Эўрапейскім парлямэнце па праблемах будаўніцтва Беларускай АЭС; накіраваць звароты з заклікам паспрыяць спыненьню будаўніцтва атамнай станцыі ва ўплывовыя міжнародныя арганізацыі; узмацніць інфармацыйную кампанію супраць будаўніцтва ўнутры Беларусі — такую рэзалюцыю прынялі 18 красавіка ўдзельнікі круглага стала.

Праблемы будаўніцтва АЭС абмяркоўвалі дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец, намесьнікі старшыні партыі «Зялёныя» Ірына Сухій і Зьміцер Кучук, прафэсар-ядзершчык Георгі Лепін, актывіст з Астраўца Мікалай Уласевіч, лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч ды іншыя.

Намесьніца старшыні партыі «Зялёныя» Ірына Сухій расказала пра парушэньні нормаў будаўніцтва, засяродзіўшы ўвагу на тым, што былі парушаныя дзьве міжнародныя канвэнцыі — Эспаа і Орхуская. Яна нагадала, што праект будаўніцтва экспэрымэнтальны.

Ірына Сухій
Ірына Сухій

Ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, на яе погляд, у 2009 годзе была праведзеная «халатна». Камісія МАГАТЭ, якая нядаўна наведала будаўнічую пляцоўку, працавала ў закрытым рэжыме, не азнаёміўшы грамадзкасьць са сваімі высновамі.

Ірына Сухій адзначыла, што на будоўлі адбылося ня менш як 10 няшчасных выпадкаў з трыма сьмяротнымі вынікамі.

Да таго ж электраэнэргію, якую будзе выпрацоўваць Астравецкая АЭС, купляць ніхто ня хоча. Літва і Польшча адмовіліся. А ў Калінінградзе будаўніцтва АЭС спынілі менавіта з той прычыны, што не знайшлі пакупнікоў на электраэнэргію.

Прафэсар Георгі Лепін сказаў, што напісаў некалькі лістоў Уладзімеру Пуціну, бо Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларускую АЭС будуе Расея. На яго думку, ціснуць на беларускія ўлады бессэнсоўна, таму ён і піша расейскім уладам:

Георгі Лепін
Георгі Лепін

«Я атрымаў адказ, што мае лісты з адміністрацыі расейскага прэзыдэнта накіравалі ў расейскі „Атамэнэргапраект“, што знаходзіцца ў Ноўгарадзе».

Прафэсар прывёў цытаты з адказаў «Атамэнэргапраекта», якія сьведчаць пра тое, што пляцоўка не прыдатная для будоўлі АЭС. На яго паўторныя лісты апанэнты не адрэагавалі.

Спадар Лепін кажа, што для будоўлі АЭС была абрана найгоршая пляцоўка, якую можна было знайсьці ў Беларусі. Ён таксама паказаў разьлікі, згодна зь якімі электраэнэргія з Астравецкай АЭС будзе значна даражэйшая за цеплавую.

Актывіст Мікалай Уласевіч з Астраўца сказаў, што хоць фінансаваньне і зьменшанае, будоўля АЭС працягваецца. Прынятыя вельмі жорсткія меры бясьпекі, каб інфармацыя пра інцыдэнты не праточвалася за межы станцыі, будаўнікам забаронена разгалошваць інфармацыю, праходзіць на працу з мабільнымі тэлефонамі. На яго думку, верагоднасьці мала, што будоўлю магчыма спыніць. Будаўніцтва АЭС у Астраўцы ён назваў «Знакам бяды».

Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая сказала, што разам з партыяй «Зялёныя» паставіла на мэце дамагчыся, каб у Палаце прадстаўнікоў прайшлі парлямэнцкія слуханьні. Спадарыня Канапацкая спадзяецца:

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Мы зможам паўплываць на рашэньне спыніць будаўніцтва АЭС. Давайце не апускаць рукі, давайце разам змагацца».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў Ганьне Канапацкай зрабіць афіцыйны дэпутацкі запыт наконт будаўніцтва АЭС.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Унутры краіны нашы магчымасьці абмежаваныя, нават сам „чарнобыльскі фактар“ ня так ужо важны для людзей. Таму трэба рабіць трэндам міжнародны складнік, ціснуць на заходніх партнэраў, уплывовыя эўрапейскія структуры. Трэба праводзіць слуханьні ў Эўрапейскім парлямэнце. Трэба рабіць разьлік і на Літву — менавіта яна заклапочаная будаўніцтвам АЭС. Гэты звон павінен быць дастаткова моцны», — лічыць Анатоль Лябедзька.

Сустаршыня грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч кажа, што парлямэнцкія слуханьні надзвычай важныя, але трэба і з народам працаваць, дамагацца грамадзкага рэзанансу, узмацніць інфармацыйную кампанію. Яна прапануе пачаць са слуханьняў унутры парлямэнцкай камісіі па праблемах ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі, а потым ужо дамагацца слуханьняў у Палаце прадстаўнікоў.

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

На думку Тацяны Караткевіч, пункт аб адмене будаўніцтва трэба ўключыць у праграмы кандыдатаў на мясцовых выбарах.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец сказаў, што яму слаба верыцца, што ўдасца правесьці парлямэнцкія слуханьні, але хвалю ўздымаць трэба. Ён паабяцаў накіраваць звароты папярэдніх і сёньняшніх слуханьняў ва ўплывовыя эўрапейскія структуры, да міжнароднай супольнасьці. Звароты ўжо перакладзеныя на ангельскую мову, да гадавіны Чарнобыля іх перададуць эўрапейскім партнэрам.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG