Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя не прыняла актывіста прафсаюзу РЭП Андрэя Стрыжака для адбыцьця 10-суткавага арышту


Актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак 15 красавіка вярнуўся ў Гомель пасьля месячнай адсутнасьці на радзіме і наведаў Цэнтральны РАУС, а таксама аддзяленьне міліцыі. Актывіст вырашыў выканаць рашэньне суду, які пакараў яго 10-сутачным арыштам.

«Але аказалася, што і ў Цэнтральным РАУС, і ў аддзяленьні па месцы жыхарства наагул ня ў курсе таго, што я павінен адбываць арышт. Мяне не прынялі ні ў РАУС, ні ў аддзяленьні», — паведаміў агенцтву БелаПАН Стрыжак.

14 красавіка пасьля вяртаньня зь Літвы яго зьнялі зь цягніка Вільня — Менск на станцыі Маладэчна. «Я быў упэўнены, што будзе этапаваньне ў Гомель у вагонзаку. У Маладэчне ўсё нечакана заканчваецца толькі надглядам багажу, складаньнем пратаколу агляду аб тым, што ў мяне ў заплечніку ляжаць шкарпэткі, трусы і зубная шчотка ды іншыя няхітрыя пажыткі будучага арыштанта», — сказаў Стрыжак.

21 лютага на прыступках суду Цэнтральнага раёну Гомля прайшоў стыхійны мітынг. У той дзень у судзе слухалася першая ў Беларусі справа паводле пазову «дармаеда» Аляксандра Сямёнава да падатковай інспэкцыі, падтрымаць гамельчука прыйшлі каля 250 чалавек. У судзе не было залі, каб зьмясьціць столькі людзей, таму жыхары Гомеля чакалі рашэньня на ганку, час ад часу скандуючы «Не — дэкрэту № 3, Лукашэнка, сыходзь!».

17 сакавіка суд Цэнтральнага раёну прызнаў Андрэя Стрыжака вінаватым у парушэньні артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства) за ўдзел у гэтым стыхійным мітынгу на прыступках суду і пакараў арыштам тэрмінам на 10 сутак. Рашэньне было вынесена завочна.

«Мяне не прынялі сёньня ў Цэнтральным РАУС, напэўна, таму, што актуальнасьць для іх зьнікла. Тады ж грэблі ўсіх, а цяпер ня вельмі трэба. Напэўна, яны не чакалі, што я паеду з краіны і на суд не прыйду, а потым нахабна вярнуся і сам пайду на суткі прасіцца», — пракамэнтаваў актывіст.

У час знаходжаньня за мяжой Андрэй Стрыжак стаў адным з ініцыятараў кампаніі салідарнасьці by_help, накіраванай на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій беларускіх улад. На сёньня кампанія by_help сабрала на дапамогу беларусам, якія трапілі пад крымінальны і адміністрацыйны перасьлед да і пасьля Дня Волі, больш як 43 тысячы даляраў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG