Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікдзень у беларускіх турмах: малітвы, фарбаваныя яйкі і думкі пра пакуты Хрыстовыя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьвяткаваньне Вялікадня ў беларускай турме — на гэтую тэму Свабода пагутарыла з былымі вязьнямі, сьвятарамі, праваабаронцамі, сваякамі цяперашніх вязьняў.

«Кожны праваслаўны зьняволены атрымае асьвячоныя яйкі і пірагі»

Усіх праваслаўных зьняволеных абяцаюць павіншаваць зь Вялікаднем, бо практычна ў кожнай калёніі і турме цяпер ёсьць свая царква, дзе хаця б раз на тыдзень праходзяць службы. І велікодныя службы будуць абавязкова. Кожны праваслаўны вернік атрымае асьвячоныя яйкі і паскі, — запэўніў Свабоду старшыня сынадальнага аддзелу турэмнага служэньня Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы айцец Георгі Лапухоў.

У пераважнай бальшыні беларускіх турмаў і калёній ёсьць уласныя праваслаўныя цэрквы, у некалькіх — адмысловыя пакоі для малітваў. І як мінімум раз, а то і два разы на тыдзень да вязьняў прыходзяць сьвятары. А ў Аршанскай калёніі № 8 ёсьць свой асобны сьвятар, які цэлы дзень знаходзіцца ў турэмным храме.

Паміж Беларускай праваслаўнай царквой і Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў заключана дамова аб супрацоўніцтве, сказаў старшыня сынадальнага аддзелу турэмнага служэньня Беларускай праваслаўнай царквы айцец Георгі Лапухоў:

«У нас ёсьць цэлы сынадальны аддзел. Ёсьць інструкцыі, спэцыяльныя дакумэнты пра нашы паводзіны і паводзіны супрацоўнікаў турмы, правы і абавязкі падрабязна расьпісаныя, што мы маем права, што — не. Узаемаадносіны вельмі дакладна прапісаныя.

Што да такіх вялікіх сьвятаў, як Вялікдзень ці Раство, абавязкова адбудуцца сьвяточныя набажэнствы, кожны зьняволены атрымае асьвячоныя яйкі, паскі».

Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота
Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Праваслаўны вернік, былы вязень і кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка, які вызваліўся з турмы два тыдні таму, быў прыемна зьдзіўлены, што і ў Шклоўскай калёніі, і ў Магілёўскай турме дзякуючы сьвятарам Раство і Вялікдзень адзначаюць:

«На Вялікдзень сьвятары заўсёды прыносілі паскі, і па два-тры фарбаваныя яйкі нам давалі. Але гэта выключна сьвятары. Супрацоўнікі калёніі асаблівай увагі гэтым сьвятам не надаюць. Наадварот, кпілі зь вернікаў: маўляў, „вы тут, за кратамі, павярнуліся да Бога, а калі былі на волі ды ішлі на злачынства, Бога ня ўзгадвалі“. Як мне падаецца, адміністрацыя пагардліва ставіцца да таго, што зьняволеныя зьвяртаюцца да Бога».

«Ад многіх крымінальнікаў родныя адракліся, а царква — адзіная, хто ўспрымае іх людзьмі»

На пытаньне Свабоды, ці ня чыніць перашкодаў адміністрацыя калёніяў, ці дазваляе зьняволеным асабістыя сустрэчы са сьвятарамі, айцец Георгі Лапухоў адказаў:

«Я ня першы год старэйшы „турэмны“ па Беларусі, я аб’ехаў усе калёніі і асабіста выяжджаю на сустрэчы з асуджанымі. Калі просяць аб сустрэчы так званыя „пажыцьцёвікі“ — тады абавязкова я сам еду, каб даведацца, якія праблемы. Ніхто ніякіх перашкодаў нам ня чыніць. Калі асуджаны хоча хадзіць у царкву, сустрэцца асабіста са сьвятаром, спавядацца, то мае такую магчымасьць. Раней былі асобныя выпадкі, калі турэмнае начальства спрабавала толькі ў якасьці заахвочваньня, за ўзорныя паводзіны пускаць асуджаных у храм. Але гэтае пытаньне мы даўно ўжо закрылі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

А вось так званыя „сьмяротнікі“, як правіла, ухіляюцца ад сустрэч са сьвятарамі. Было некалькі асобных выпадкаў, калі яны прасілі аб сустрэчы, але гэта даволі рэдка адбываецца. А бязь іх згоды і жаданьня мы ня маем права зь імі сустракацца. Нават тыя хлопцы, якіх асудзілі да сьмяротнага пакараньня за выбух у мэтро, адмовіліся сустрэцца са сьвятаром».

На пытаньне, ці сапраўды асуджаныя за цяжкія злачынствы шчыра раскайваюцца, айцец Георгі Лапухоў адказаў:

«Па-рознаму бывае. Некаторыя шчыра каюцца. Мне падаецца, што ў некаторых „пажыцьцёвікаў“ ёсьць надзея, што нават калі яны ня выйдуць на свабоду, ім могуць замяніць рэжым адбыцьця пакараньня на лягчэйшы. Многія просяць Бога аб гэтым. За ўсіх я не магу казаць, але ў тых, з кім я сустракаўся, ёсьць радасьць, што царква іх не пакінула. Бо ад многіх крымінальнікаў родныя адракліся, адвярнуліся, а царква — адзіная, хто ўспрымае іх людзьмі. Гэтыя людзі чужыя для грамадзтва, а для нас, для царквы, яны застаюцца сваімі. Мы спадзяёмся на выратаваньне іх душ, таму ідзем да іх і працуем зь імі».

Бандарэнка: «Як я адседзеў два гады ў адзіночцы? Толькі з Божай дапамогай»

Былы вязень Магілёўскай крытай турмы Андрэй Бандарэнка кажа, што калі зьняволены імкнецца да веры, ніякіх праблем няма: ёсьць храм, сьвятар, службы, можна прыйсьці на споведзь:

«Так што маральная аддушына за кратамі існуе. У Магілёўскай крытай турме мне дазволілі ў камэры і іконы паставіць на асобнай палічцы, хоць у іншых калёніях гэта забаранялі, патрабавалі прыбраць.

Іншае пытаньне, што ў сілу асаблівасьцяў беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы сьвятары адарваныя ад удзелу ў папраўчым працэсе і вымушаныя падладжвацца пад тыя ўмовы, якія там існуюць. Усе добра разумеюць, што ніякага папраўчага працэсу ў турмах не адбываецца. Каб у сьвятара было больш магчымасьцяў і свабоды, можа, і карысьці было больш. Але ня кожны сьвятар пагодзіцца працаваць у турме. Наш бацюшка зламаў руку, і ніхто не пагадзіўся яго замяніць, бо тут свая спэцыфіка.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як ні дзіўна, у турме, дзе даволі строгі рэжым у параўнаньні з калёніяй, дзе сядзяць сапраўдныя злачынцы, людзі ня толькі прыходзяць да Бога, але і карэнным чынам мяняюць сваё жыцьцё. Калі мяне толькі прывезьлі на турэмны рэжым і калі я размаўляў, скажам так, з „элітай“ крымінальнага сьвету, яны мне казалі: „Ты да бацюшкі не хадзі, таму што мы ўжо згубілі двух чалавек, якія пайшлі да Бога і закінулі наш крымінальны сьвет“. А сьвятар расказаў мне дзіўную гісторыю, калі адзін крымінальнік так пранікся да Бога, што папрасіў перавесьці яго ў адзіночную камэру, каб не зьбівалі са шляху, маліўся, і Госпад паспрыяў таму, што яму скарацілі тэрмін зьняволеньня — ён выйшаў на волю.

Калі ў мяне пытаюцца, як я адседзеў два гады ў адзіночцы, я кажу: „Толькі з Божай дапамогай“. Можна звар’яцець, а можна выйсьці сьвятым, як пісала мне адна верніца».

Бяляцкі: «За тры гады адседкі я адзін раз сустрэўся з ксяндзом»

Што да неправаслаўных, вернікаў іншых канфэсіяў, у турмах ім са сваімі рэлігійнымі патрэбамі складаней. Зьняволеныя-каталікі ў бальшыні калёній павінны зьвяртацца з асабістай заявай, каб да іх пусьцілі сьвятара. Алесь Бяляцкі сядзеў у Бабруйскай калёніі, дзе ёсьць праваслаўны храм, службы штонядзелі. Кажа, што каталіцкім вернікам значна цяжэй:

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

«За тры гады адседкі я адзін раз сустракаўся з ксяндзом, але мусіў пісаць адмысловую заяву. Да мяне адзін раз прыходзіў ксёндз Юры Быкаў. Але мне пастаянна дасылаў рэлігійную літаратуру пэўны гарадзенскі ксёндз, і да мяне яна даходзіла. Пакінуў потым кнігі ў бібліятэцы калёніі. Мне таксама пастаянна сябры дасылалі часопіс „Наша вера“. Іншая справа, што падзяліцца гэтым я зь іншымі вернікамі адкрыта ня мог, перадаваў употай, каб ніхто ня бачыў. Аплаткамі я таксама таемна дзяліўся, мне іх рэгулярна дасылалі.

Для каталікоў гэта праблема. У Бабруйску, па маіх падліках, працэнтаў 10 каталікоў сядзела, а ніякіх службаў не было. Вось зараз набліжаецца Вялікдзень, і сумна, што ў праваслаўных будзе служба, а ў каталікоў — не».

У Горадзенскую турму № 1 рэгулярна прыходзіць ксёндз Анджэй Ганчар. Але турма строгага рэжыму, і службы там не вядуцца, кажа айцец Андрэй:

«Але на Вялікдзень мы разам з праваслаўным сьвятаром і пратэстанцкім пасьвяцім яйкі. У турме іх вараць, фарбуюць, а мы ў суботу іх пасьвяцім і раздамо».

Ксёндз Андрэй кажа, што ў Горадзенскай турме ёсьць асобны пакой для малітваў, там праходзяць споведзі, калі вязень хоча паспавядацца ці проста пагаварыць са сьвятаром:

«Пускаюць нас і ў камэры. Ня так даўно было, напрыклад, бежмаваньне, сакрамэнт канфірмацыі. Хтосьці ні разу яшчэ ня быў на споведзі, мы яго рыхтуем да сакрамэнту камуніі. Бываюць і шлюбы ў турме, вянчаньні.

Ёсьць, канечне, у турме сапраўдныя злачынцы, адпетыя, кончаныя. Але частка людзей проста аступілася і цяпер шчыра раскайваецца, прыходзіць на споведзь».

Наста Дашкевіч: «Для сапраўдных вернікаў турма — найлепшае месца, каб зразумець пакуты Хрыстовыя»

Эвангельскіх сьвятароў у беларускія турмы не пускаюць. Патрэбны адмысловы дазвол, які атрымаць нерэальна, сказаў Свабодзе прадстаўнік адной з такіх цэркваў. Дарэчы, у эвангельскіх цэрквах наагул няма такой традыцыі — на Вялікдзень фарбаваць яйкі і пячы паскі.

«Але мы перапісваемся са зьняволенымі нашай веры, дасылаем ім адмысловую літаратуру, падтрымліваем. Раней было прасьцей, наша царква дамаўлялася з адміністрацыяй калёній, праводзілі службы, раздавалі Эвангельлі. Але цяпер такога няма».

У Менскім СІЗА № 1 цяпер знаходзіцца Зьміцер Дашкевіч, вернік эвангельскай царквы «Ян Прадвесьнік». Ягоная жонка Наста Дашкевіч перакананая, што на «Валадарцы» ніякага Вялікадня ня будзе:

Наста Дашкевіч, архіўнае фота
Наста Дашкевіч, архіўнае фота

«Вялікдзень будзе адчувацца хіба што праз паштоўкі сваякоў, можа, праз адмысловыя перадачы.

Для сапраўдных вернікаў турма, мабыць, адно з найлепшых месцаў, каб зразумець Пасху, каб зразумець рэальна пакуты Хрыстовы, каб падумаць пра сваё жыцьцё, нешта пераасэнсаваць. Як бы гэта патасна ні гучала, але турма, гэтыя абставіны даюць магчымасьць шмат што пераасэнсаваць. Чысты чацьвер, Вялікая пятніца — гэта тыя дні, калі Хрыстос быў у цесных абставінах. І лічыцца, што прасьцей зразумець Бога праз пакуты.

Канечне, не атрымаецца сапраўднага сьвята, калі мы ўсёй сям’ёй ідзём у царкву, калі гэта ўрачыстасьць. Але з сэрца Пасху ніхто не забярэ. І я ўпэўненая, што Зьміцер цяпер трымае пост і абавязкова будзе адзначаць Вялікдзень».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG