Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай папярэджвае аб небясьпецы ваеннага канфлікту паміж КНДР і ЗША


Паўночнакарэйскія балістычныя ракеты

Міністар замежных справаў Кітаю Ван І заявіў, што ў выпадку ўзброенага канфлікту паміж ЗША і Паўночнай Карэяй пераможцаў ня будзе.

Які б бок ні справакаваў канфлікт, ён «панясе за гэта адказнасьць перад гісторыяй і будзе вымушаны заплаціць адпаведную цану», падкрэсьліў кітайскі міністар, выступаючы ў Пэкіне на супольнай прэс-канфэрэнцыі з кіраўніком МЗС Францыі Жан-Маркам Эйро.

Ван І прапанаваў дапамогу Кітаю ў наладжваньні дыялёгу паміж КНДР і ЗША з нагоды ядзернай і ракетнай праграм Пхеньяну.

Раней у пятніцу Паўночная Карэя выказала гатовасьць пайсьці на ваенны канфлікт са Злучанымі Штатамі. Як заявіў намесьнік міністра замежных справаў КНДР Хан Сон Рэль ў інтэрвію агенцтву Associated Press, Пхеньян валодае дастатковым ядзерным патэнцыялам для нанясеньня прэвэнтыўнага ўдару па амэрыканскіх сілах.

У пятніцу таксама паступілі паведамленьні пра тое, што ў Вашынгтоне разглядаюць магчымасьць ўдару па Паўночнай Карэі, каб прадухіліць чарговае выпрабаваньне ядзернай зброі, што можа адбыцца ў дзень галоўнага сьвята ў КНДР — 15 красавіка там адзначаюць 105-ы дзень нараджэньня заснавальніка краіны Кім Ір Сэна.

16 красавіка віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс накіруецца ў Паўднёвую Карэю, каб абмеркаваць сытуацыю на паўвостраве.

Напружанасьць паміж Вашынгтонам і Пхеньянам пачала рэзка ўзрастаць пасьля таго, як Паўночная Карэя абвясьціла пра намер правесьці новыя ядзерныя выпрабаваньні, а ЗША — у адказ — накіравалі да берагоў Карэйскага паўвострава ўдарную групу ВМС з авіяносцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG