Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці запусьціў Пракаповіч друкарскі станок? Не, але інфляцыі быць. Разважае Злотнікаў


Леанід Злотнікаў

У Беларусі стала болей грошай у абарачэньні. Гэта наўрад ці зьвязана зь «лістом Пракаповіча», але ёсьць падставы меркаваць, што высокая інфляцыя вернецца і можа быць вышэйшай за чаканьні Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта кажа Свабодзе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Колькасьць наяўных грошай у абарачэньні (паказьнік М0) павялічылася за сакавік на больш як 5%, а ў параўнаньні з сакавіком мінулага году вырасла больш як на чвэрць. За месяц таксама падвысілася шырокая грашовая маса (М3 — наяўныя грошы ў абарачэньні плюс дэпазыты), але толькі на 0,85%, а за год яна і наогул зьменшылася на 3,6%. Тым часам продаж валюты насельніцтвам расьце (у сакавіку на 22% больш за студзень) і стабільна перавышае куплю. А стаўку рэфінансаваньня зьніжаюць чацьвёрты раз запар з пачатку году — Нацбанк плянаваў зьнізіць яе да канца году да 16%, а яна ўжо зьнізілася з 18% да 14%. Эканоміка працягвала падаць, за студзень-люты 2017 году валавы ўнутраны прадукт быў на 1% меншы, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году. Інфляцыя пакуль даволі невялікая — 0,3% за сакавік, 1,7% да сьнежня-2016 пры плянах на ўвесь 2017 год у 9%.

Што значаць усе гэтыя лічбы і ці чакаць росту цэнаў?

«Даволі хутка зьніжалася адсоткавая стаўка — значыць, грошы патаньнелі, — тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў. — Лягічна, што грошы сталі больш танныя, мо стала больш субʼектаў гаспадараньня, якія могуць дазволіць сабе ўзяць крэдыт. А зь іншага боку — вельмі высокі ціск зьверху на выдачу крэдытаў на выплату заробкаў.

Таму магчыма, што гэта адабʼецца на інфляцыі, тэндэнцыя да росту цэнаў ёсьць. ВУП зьніжаецца, а грашовая маса крыху расьце. Калі выключаць інфляцыю, то пры зьніжэньні ВУП трэба было адпаведным чынам зьніжаць і грашовую масу. Зьніжэньне на 4% адсоткавай стаўкі за такі кароткі пэрыяд — гэта вельмі адчувальна. Грошы сталі больш танныя, грашовая маса будзе яшчэ павялічвацца, а пры адсутнасьці росту ВУП гэта інфляцыя.

Будзе інфляцыя ці не, праявіцца празь месяц-два. Думаю, падвышэньне цэнаў будзе, мо і спачатку ня вельмі значнае. Не магу сказаць, наколькі інфляцыя павялічыцца, але будзе вышэйшай, чым цяпер, і ня меншай за заплянаваную гадавую. Пакуль жа, я думаю, адбываецца крыху штучнае заніжэньне інфляцыі.

Тое, што Пракаповіч прапануе цяпер, ён гэта казаў з 1995 году. Але ціск вельмі моцны, каб давалі грошы прадпрыемствам: жыцьцё прымушае, бо як жа ня выдаць заробкі? Прамысловыя прадпрыемствы Мінпраму аддавалі ў пачатку году каля 50% выручкі на вяртаньне крэдытаў (у іх не было чым плаціць заробкі, ім патрэбны былі крэдыты). Тут ня тое што Пракаповіч, тут моцны ціск з боку дырэктарату, з боку Лукашэнкі. Таму, напэўна, эканоміка паціху ссоўваецца ў бок інфляцыі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG