Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея афіцыйна адмовілася ад удзелу ў «Эўравізіі-2017» у Кіеве


Юлія Самойлава

Арганізатар «Эўравізіі» Эўрапейскі вяшчальны зьвяз (EBU) паведаміў, што Расея ня зможа ўдзельнічаць у міжнародным песенным конкурсе ў 2017 годзе. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве EBU.

У дакумэнце адзначаецца, што пасьля пацьверджаньня забароны на ўезд расейскай сьпявачкі Юліі Самойлавай ва Ўкраіну Эўрапейскі вяшчальны зьвяз прапанаваў Расеі два альтэрнатыўныя варыянты. Першы — удзельнічаць у конкурсе дыстанцыйна, другі — выбраць іншую кандыдатуру. Абедзьве прапановы расейскі «Першы канал» адхіліў і адмовіўся трансьляваць конкурс. Гэта азначае, што Расея сёлета ня зможа прыняць удзелу ў «Эўравізіі», гаворыцца ў заяве EBU.

Раней Расея выбрала для ўдзелу ў міжнародным конкурсе сьпявачку Юлію Самойлаву зь песьняй «Flame is Burning». Самойлава зь дзяцінства перасоўваецца на інваліднай калясцы.

22 сакавіка Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла Самойлавай ўезд у краіну на тры гады, бо яна парушыла ўкраінскае заканадаўства, выступіўшы ў анэксаваным Крыме ў 2015 годзе. Арганізатары конкурсу Эўравізіі заявілі, што расчараваныя рашэньнем Украіны. У Крамлі назвалі гэтае рашэньне палітычным.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG