Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памілаваны Лукашэнкам пэдагог-карупцыянэр вучыць дзяцей ангельскай і кітайскай мовам


Ілюстрацыйнае фота

Зьвінавачаны ў карупцыі былы начальнік аддзелу адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму Яўген Дуплеўскі, памілаваны Лукашэнкам, зьвярнуўся па садзейнічаньне ў працаўладкаваньні, і яму знайшлі пасаду кіраўніка навучальнай установы ў абласным цэнтры.

Ад крымінальнай адказнасьці Яўгена Дублеўскага вызвалілі пасьля добраахвотнай кампэнсацыі шкоды за ўчыненае злачынства.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце з абласнога ўпраўленьня адукацыі пэдагогу, сябру Таварыства беларускай мовы Міхасю Булавацкаму, які дамагаецца ад чыноўнікаў адказу, чаму службоўцу, якога асудзілі за карупцыйнае злачынства, даверылі працу зь дзецьмі. Адказ падпісаў начальнік абласнога ўпраўленьня адукацыі Ўладзімер Рыжкоў.

Міхась Булавацкі

Міхась Булавацкі

«Для мяне важна, каб Дуплеўскага вышэй не пусьцілі кіраваць адукацыяй», — тлумачыць свае намаганьні ў высьвятленьні абставінаў прызначэньня Дуплеўскага Міхась Булавацкі. На ягоную думку, недапушчальна, каб у адукацыі працавалі людзі, асуджаныя за карупцыю.

«Такіх людзей, я лічу, ня варта пускаць у адукацыю. Якім узорам выхаваньня будзе ён для дзяцей?» — адзначае Булавацкі.

Яўгена Дуплеўскага прызначылі кіраваць магілёўскай гімназіяй № 4 3 студзеня 2017 году.

«У апошні час у гімназіі пашыраецца спэктар вывучэньня замежных моў, у прыватнасьці ангельскай і кітайскай. Дуплеўскі як высокакваліфікаваны спэцыяліст, які мае глыбокія веды ў замежных мовах і мэтодыках іх выкладаньня, здольны ўдасканальваць адукацыйны працэс у адпаведнасьці з сучаснымі патрабаваньнямі», — гаворыцца ў лісьце Булавацкаму з абласнога ўпраўленьня адукацыі.

«Даводзім да ведама, — адпісаў Булавацкаму Рыжкоў, — што калектыў гімназіі № 4 завярнуўся ва ўпраўленьне адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкаму зь лістом, у якім выказаў усялякую падтрымку новаму кіраўніку».

Пра тое, што супраць Дуплеўскага распачатая крымінальная справа, стала вядома ў лютым 2014 году. Яму інкрымінаваўся крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Сьледзтва выявіла, што службовец на працягу чатырох навучальных гадоў, у 2010–2013 гадах, афармляўся ў школу на працу па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў на ўмовах тэрміновай працоўнай дамовы, пры гэтым фактычна такіх заняткаў з навучэнцамі не праводзіў. За гэты час яму налічылі заробкаў на 22 мільёны недэнамінаваных рублёў.

Сваю віну Дуплеўскі прызнаў і зьвярнуўся да Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні. Пасьля кампэнсацыі стратаў дзяржаве абвінавачаны ў 2015 годзе быў вызвалены. Праз год яго паспрабавалі прызначыць дырэктарам трэцяй магілёўскай гімназіі, аднак бацькі выступілі супраць. У канцы 2016-га стала вядома, што памілаванага чыноўніка зьбіраюцца прызначыць дырэктарам чацьвёртай гімназіі. 3 студзеня яго прадставілі калектыву.

На сайце навучальнай установы пазначана, што яе кіраўнік сапраўды Дуплеўскі Яўген Іванавіч, бакаляўр пэдагагічных навук, настаўнік ангельскай мовы вышэйшай катэгорыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Спробы пагутарыць з самім Дуплеўскім не далі плёну.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG