Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагроза самаспаленьня дапамагла. Магілёўскі пэнсіянэр дамогся пакараньня сваіх крыўдзіцеляў


Уладзімер Пашчанка ў сваёй «баявой» майцы

Магілёўскі пэнсіянэр Уладзімер Пашчанка, які пагражаў сябе спаліць ля польскай амбасады, дамогся пакараньня сваіх крыўдзіцеляў.

Двум мужчынам, якія зьбілі яго, прысудзілі «хімію» і абавязвалі сплаціць пацярпеламу 5 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

«Пагроза самаспаленьня мне, безумоўна, дапамагла», — адзначае ў інтэрвію Свабодзе Ўладзімер Пашчанка.

«Калі б я не агучыў такога намеру, то маіх крыўдзіцеляў працягвалі б „бараніць“, — казаў ён. — У мяне цэлы стос папераў, якія пераконваюць, што без рашучых дзеяньняў усё б заставалася без справядлівага выраку. Калі б не пісалі сродкі масавай інфармацыі пра маю сытуацыю, то таксама б не было б такога эфэкту. Масмэдыя расказалі маю гісторыю ня толькі на ўсю краіну, але за яе межы, таму такі вынік».

Намер падпаліць сябе Пашчанка агучыў летась у відэазвароце, выкладзеным у інтэрнэце.

69-гадовы пэнсіянэр у інтэрвію Свабодзе казаў, што ў 2014 годзе яго зьбілі ля свайго дому. Сын пэнсіянэра прысароміў двух мужчынаў нападпітку, адзін зь якіх мачыўся на агароджу сядзібы. У адказ тыя ўчынілі бойку. Стары стаў між імі і сынам, а супраць яго, як ён сьцьвярджае, быў ужыты прыём з арсэналу баявых адзінаборстваў. У мэдыцынскім заключэньні зафіксаваны пералом левага надкаленьніка, а таксама пабоі.

Судовая калегія крымінальных спраў Магілёўскага абласнога суду прызнала вінаватым аднаго з крыўдзіцеляў Пашчанкі — Аляксандра Іконьнікава. Паводле выраку, ён «груба парушыў грамадзкі парадак, што праявілася ў непавазе да грамадзтва з выкарыстаньнем гвалту, пашкоджаньнем чужой маёмасьці і нанясеньнем цялеснага пашкоджаньня». Мужчыну прысудзілі тры гады «хіміі» і выплату 30 мільёнаў недэнамінаваных рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Пакараньня другога крыўдзіцеля Генадзя Сафонава Ўладзімер Пашчанка дамагаўся больш за два гады. Як ён сьцьвярджаў, суды пазьбягалі прыцягваць мужчыну, які ўдзельнічаў у зьбіваньні, да крымінальнай адказнасьці. Пракуратура давала фармальныя адпіскі. Без належнай увагі пакінула зварот і Адміністрацыя прэзыдэнта. Тады пэнсіянэр і наважыўся на самаспаленьне. Выбраўся ў Менск, але сваёй пагрозы не ажыцьцявіў. Абмежаваўся правядзеньнем пікету ля польскай амбасады.

Неўзабаве пасьля акцыі пратэсту прэзыдыюм Магілёўскага абласнога суду пастанавіў перагледзець крымінальныя справы супраць крыўдзіцеляў Пашчанкі. Пэнсіянэр заявіў, што ягоныя патрабаваньні пачалі выконваць, і адклаў самаспаленьне.

Фрагмэнт пастановы Ленінскага раённага суду Магілёва

Фрагмэнт пастановы Ленінскага раённага суду Магілёва

У выніку Ленінскі раённы суд Магілёва пакараў Сафонава двума з паловай гадамі «хіміі» і абавязаў сплаціць Пашчанку 2000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Мужчыну прызналі вінаватым у наўмысных дзеяньнях, учыненых групай асобаў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і характарызуюцца відавочнай непавагай да грамадзтва.

Паводле пацярпелага, асуджаныя не прызналі сваёй віны. Што да кампэнсацыі, то, кажа пэнсіянэр, яе выплачвае пакуль толькі Іконьнікаў і тое не рэгулярна, паколькі ўладкаваць яго на сталую працу не ўдаецца.

Абодва асуджаныя да ўступленьня выраку ў сілу былі на падпісцы аб нявыездзе.

Уладзімер Пашчанка лічыць, што Іконьнікава і Сафонава хоць і пакаралі, але далі ім замалыя тэрміны. Сваю змагарную эпапэю пэнсіянэр зьбіраецца працягнуць. На судовыя пасяджэньні ён хадзіў у майцы з надпісам «Патрабую справядлівага суду».

Пашчанка мае намер зьвярнуцца да гарвыканкаму па дазвол на правядзеньне пікету ў абарону сваіх парушаных канстытуцыйных правоў. Зварот да гарадзкой улады ён ужо падрыхтаваў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG