Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцкі журналіст за Дзень Волі спачатку адседзеў 12 сутак, а сёньня пакараны штрафам


Сяржук Кійко
Сяржук Кійко

Журналіст слуцкай газэты «Інфа-Курʼер» Сяржук Кійко пакараны штрафам у памеры 25 базавых велічынь за «заклікі на несанкцыянаванае мерапрыемства».

Кійко толькі адбыў адміністрацыйны арышт тэрмінам 12 сутак, а сёньня Слуцкі раённы суд разгледзеў яшчэ адну справу супраць яго, гэтым разам па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства).

Гэтак жа, як раней грамадзкі актывіст Віталь Амяльковіч, Сяржук Кійко абвінавачаны ў закліку да ўдзелу ў акцыі на Дзень Волі. Штраф за пост на старонцы ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» напярэдадні 25 сакавіка склаў 25 базавых велічынь (575 беларускіх рублёў).

Сяржук Кійко не пагадзіўся з абвінавачаньнем і ў сваім выступе ў судзе ўсклаў віну на блытаніну зь месцам акцыі на Менскі гарвыканкам, які своечасова не праінфармаваў ні заяўнікаў акцыі, ні СМІ пра зьмену фармату мерапрыемства.

«Я даведаўся пра зьмену фармату масавага мерапрыемства толькі ў Менску 25 сакавіка, а 12 гадзіне дня — перад тым як мяне схапілі. Лічу, што Менгарвыканкам, які не дазволіў рэалізаваць грамадзянам права на мірнае сьвяткаваньне Дня Волі, зьдзейсьніў адмысловую правакацыю, каб міліцыянты атрымалі магчымасьць разагнаць мірны народ. Значыць, ён і павінен несьці адказнасьць у судах», — лічыць журналіст.

Сяржук Кійко сказаў, што не пасьпеў нават паўдзельнічаць у мерапрыемстве, таму што быў затрыманы са сваімі сябрамі ў раёне менскага чыгуначнага вакзалу апоўдні 25 красавіка — задоўга да пачатку акцыі, прысьвечанай Дню Волі.

Малады актывіст мяркуе, што 25 красавіка ён і яго сябры прыцягнулі да сябе ўвагу міліцыянтаў размовай на беларускай мове і заплечнікамі. Як кажа Кійко, далей справа «шылася», як шыецца адзеньне па распрацаванай выкрайцы: затрыманьне, РАУС, пратакол, абвінавачаньне ў лаянцы «расейскім матам», судовы вырак паводле артыкула 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), асуджэньне на 12 сутак.

Паколькі ў тыя дні менскія РАУСы былі перапоўненыя, ён толькі дзень праседзеў у ізалятары на Акрэсьціна. Пасьля яго перавезьлі ў ізалятар Жодзінскага РАУС, а затым — у Слуцкі РАУС.

«Міліцыянты напалі на нас, як бандыты: раптоўна, без прадʼяўленьня дакумэнтаў. Мы нават звалі мінакоў на дапамогу, — удакладніў абставіны затрыманьня Сяржук. — У выніку ж хулігана зрабілі зь мяне, адабралі 12 працоўных дзён, у якія я мог бы зарабіць грошы. Ды яшчэ выставілі рахунак на аплату гнілых рыбных катлет і аўсянай кашы...»

Сяржук лічыць, што міліцыянты хацелі яго прэвэнтыўна затрымаць у Слуцку яшчэ ўвечары 24 сакавіка, бо наведалі яго бацьку і цётку з пытаньнем: «Дзе Сяржук?».

У той жа дзень міліцыя затрымала ў Слуцку Віталя Амяльковіча, а таксама арыштавала аўтамабіль грамадзкай актывісткі Юлі Балакір, якая працуе таксісткай. Аўтамабіль Балакір больш за тыдзень прастаяў на штрафной стаянцы нібыта дзеля праверкі, ці ня скрадзены. Пасьля «праверкі» машыну вярнулі ўладальніцы, якая панесла фінансавыя страты — бо не магла працаваць і мусіла аплаціць паслугі штрафстаянкі.

Сяржук Кійко разам з адвакатам будуць абскарджваць прысуд суду Слуцкага раёну ад 13 красавіка. Адстойваць правы ў судзе журналісту дапамагае менскі адвакат Вадзім Мушынскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG