Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі я іду ў цёмны час дадому, то звычайна трымаю ў руцэ вялікую зьвязку ключоў. Калі раптам нападуць, я гатовая адбівацца гэтай зьвязкай. Ключы цяжкія, а разам з імі вісіць мэталічны ланцужок і бірулька з вострымі вугламі. У такія моманты я думаю аб тым, што ўдар мусіць быць моцным, і што я мушу быць сьмелай, бо адзіны спосаб эфэктыўна абараніць сябе ад нападніка — гэта клапаціцца толькі пра сябе, і не хвалявацца за злачынцу.

Адбіўшыся ад нападніка, я, хутчэй за ўсё, буду прызнаная вінаватай.

У майго пляну ёсьць прынамсі адна хіба: адбіўшыся ад нападніка, я, хутчэй за ўсё, буду прызнаная вінаватай у наўмысным нанясеньні цялесных пашкоджаньняў пры перавышэньні ўзроўню неабходнай самаабароны. Мяне арыштуюць і асудзяць, а нападнік будзе прызнаны пацярпелым у межах крымінальнай справы. Пры жаданьні ён яшчэ і маральную кампэнсацыю можа адсудзіць, бо атрымаць адпор пры ўчыненьні злачынства — тая яшчэ псыхалягічная траўма.

Гісторыя, з нагоды якой я пішу гэты тэкст, адбылася ў Берасьці. П’яны мужчына кінуў тумбу і плястыкавую бутэльку з вадой у жанчыну, з якой ён жыў. Потым ён прыклаў коўдру да яе твару (жанчына кажа, што так ён яе душыў), але яна здолела вызваліцца і схапіла нажніцы, якімі ў хуткім часе ўдарыла нападніка ў жывот. Пасьля гэтага яна спрабавала зьбегчы праз вакно, але мужчына зьняў яе з падваконьня і, як яна сьцьвярджае, прыставіў руку з нажніцамі да горла.

Ахвяра нападу, якая абараняла сябе ад агрэсара, наступныя паўгода будзе на папраўчых работах, а 15% ад яе заробку за гэты час будуць адлічваць на карысьць дзяржавы. Беларускі суд палічыў, што жанчына мусіла зьбегчы з кватэры, замест таго, каб абараняцца, і што яна ўсьведамляла неадпаведнасьць абранага спосабу абароны фактычнай небясьпецы.

Слаба ўяўляю, які спосаб самаабароны можна было супрацьпаставіць кінутай тумбе і спробе задушыць коўдрай, каб суд гэты прадмет не палічыў надта небясьпечным.

Атрымліваецца, што ў момант нападу ахвяра мусіць цьвяроза ацаніць сытуацыю, пралічыць рызыкі і абраць адпаведны гэтым рызыкам сродак самаабароны. Напэўна, чалавек, на якога нападаюць, павінны у пэўны момант словамі спыніць нападніка і пашукаць прадмет, які дакладна не параніць злачынцу. Але я слаба ўяўляю, які спосаб самаабароны можна было супрацьпаставіць кінутай тумбе і спробе задушыць коўдрай, каб суд гэты прадмет не палічыў надта небясьпечным.

Суд вырашыў, што жанчына мусіла зьбегчы замест таго, каб абараняцца ад нападніка, але нічога не сказаў пра тое, чым мусіў заняцца сам нападнік замест кіданьня мэбляй і спробай удушэньня нібыта каханай жанчыны. Калі нападаюць, нельга думаць пра бясьпеку нападніка, бо гэта фактычна пазбавіць магчымасьці абараняць сябе. У такой сытуацыі ўвогуле цяжка пра нешта думаць, бо адзіная мэта — спыніць напад.

Галоўная хіба ідэі «яна мусіла зьбегчы» — нападнік у ёй выглядае пасіўным.

Галоўная хіба ідэі «яна мусіла зьбегчы» — нападнік у ёй выглядае пасіўным: ён нібыта дазволіць ахвяры выбегчы ў калідор, адчыніць дзьверы і сысьці. Але ў рэальнасьці агрэсар у такой сытуацыі спыняе ахвяру. І ў гэтым выпадку паведамляецца, што калі жанчына спрабавала зьбегчы праз вакно, нападнік не дазволіў ёй гэтага зрабіць.

У гісторыі, якая здарылася ў Берасьці, асабліва цікава яшчэ тое, што суд не палічыў кінутую тумбу, бутэльку з вадой і спробу душыць жанчыну дастаткова небясьпечнай сытуацыяй. І, на вялікі жаль, гэтая гісторыя — зусім не унікальная. Калі ў Расеі Тацьцяна Андрэева адбілася нажом ад спробы згвалтаваньня, яе асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі. Ну ня ўбачылі міліцыянты, сьледчыя і судзьдзі нічога страшнага ў злачынных дзеяньнях супраць гэтых жанчын!

І ў Беларусі, і ў Расеі вельмі цяжка даказаць нават зьдзейсьненае згвалтаваньне, ня кажучы ўжо пра ягоную спробу.

І ў Беларусі, і ў Расеі вельмі цяжка даказаць нават зьдзейсьненае згвалтаваньне, ня кажучы ўжо пра ягоную спробу, і так жа сама, як і ў сытуацыі з хатнім гвалтам, вялікая частка грамадзтва разам з так званай праваахоўнай сыстэмай абвінавачвае ў злачынстве ахвяру, а не сапраўднага злачынцу. У сытуацыі ж, калі ахвяра стала абараняць сябе, агрэсія ў ейны бок толькі ўзрастае: спачатку яна нібыта «падвяла добрага чалавека пад артыкул», а потым яшчэ і параніла яго.

У выніку мы атрымліваем абсалютна абсурдную сытуацыю, у якой дзяржава афіцыйна ўхваляе напады і карае за абарону сябе пад час гэтых нападаў.

Безумоўна, бываюць гісторыя, дзе за самаабарону спрабуюць выдаць першасную фізычную агрэсію. Але Берасьцейская гісторыя — не з іх шэрагу: там быў відавочны напад і спроба абараніцца.

Гэты выпадак — гісторыя са сьвету крывых люстэрак.

Тым не менш, жанчына прызнала сваю віну ў перавышэньні ўзроўню неабходнай самаабароны. Меркаваць пра матывы гэтага прызнаньня цяжка: гэта магло быць жаданьне зьмякчыць пакараньне, а можа яна і сапраўды паверыла ў тое, што ня мусіла абараняцца ад нападніка.

Гэты выпадак — гісторыя са сьвету крывых люстэрак: нападнік прызнаны пацярпелым і ўжо атрымаў ад жанчыны, на якую напаў, 200 рублёў у якасьці кампэнсацыі. Цяпер ён ведае: наступны раз яна ня стане адбівацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG