Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамога ў кароткай «вайне»

Калі ўлічыць, што апошні прапагандысцкі фільм БТ падводзіць гледача да думкі пра ўратаваньне затрыманых на Дзень Волі ад тэрактаў, калі ўзгадаць, што раптам адкрыліся шлюзы афіцыёзнай украіна- і майданафобіі, то вымалёўваецца наступнае.

Напярэдадні 25-га і на сам Дзень Волі ўлады перамаглі ў самімі ж імі прыдуманай «вайне» з тэрарызмам (па спасылцы вышэй поўны пералік жахалак для абываталяў).

«Ратаваньне народу ад Майдану» — гэта можа быць працяглая гульня, сэнс якой — адцягваць увагу людзей ад пагаршэньня эканамічнага становішча.

«Мы вам жыцьці ратуем, а вы са сваёй каўбасой лезеце!»

Захад і палітвязьні

Наўрад ці эўрапейскія і амэрыканскія палітыкі, палітолягі і журналісты, якія займаюцца тэмай Беларусі, павераць у жахалкі ад афіцыйнай беларускай прапаганды. Але.

Напрыклад, 43-хвілінны фільм «Белы легіён чорных душ» проста нашпігаваны непраўдзівай або рэзка скажонай інфармацыяй пра тых, хто цяпер сядзіць за кратамі па справе «Белага легіёну».

Каб пакрокава, пасэкундна разабрацца зь няпраўдай, давесьці махлярства, спатрэбіцца шмат часу. Давесьці ўсяму сьвету, што па справе «Белага легіёну» сядзяць не «фашысты-экстрэмісты», што за кратамі знаходзяцца менавіта палітычныя, а не якія іншыя зьняволеныя. На гэта ў спэцыялістаў па правах чалавека сыдзе не адзін месяц.

І нават калі калектыўны Захад абвесьціць, што ў Беларусі зноў пачалі множыцца палітычныя зьняволеныя, іх можна будзе ўжо выпусьціць, бо міне адносна багата часу, а абвінавачаньнямі можна жангляваць як заўгодна. Ад больш суворых да менш, і наадварот.

Такім чынам, на сёньня страшылка для гледачоў БТ працуе, а Захад на нейкі час нэўтралізаваны.

Што далей

Далей па сытуацыі. Можна «справу Белага легіёну» ператварыць у справы якіх-небудзь «чорных палкоўнікаў» ці «ружовых старшынь калгасаў», то бок дадаць туды людзей знутры сыстэмы, якія не даспадобы. Трансфармаваць да непазнавальнасьці, выкарыстоўваючы адточаныя на «Белым легіёне» прыёмы. Зрабіць вечнай. Справай-трасформэрам пад бягучыя патрэбы.

А можна акуратна справу зьдзьмуць, паступова выпускаючы затрыманых. Залежыць ад рэакцыі і ў краіне, і за межамі. Ад грашовых адносін з тым жа Захадам, урэшце.

Але мне відавочна адно — улада (а гэта ня толькі Лукашэнка, а тыя, хто вырас разам зь ім ва ўладзе) прынцыпова зьмяняцца ня хоча. І, магчыма, ня можа.

А значыць, прадказальнасьць падзеяў у Беларусі толькі аднабаковая — улада будзе рэпрэсаваць усіх актыўных хоць у які бок. Будзе дзейнічаць старымі мэтадамі.

Але тым самым улада будзе множыць непрадказальнасьць, бо рэакцыя ўнутры краіны і за яе межамі ўжо не прагназуецца. Зашмат зьмянілася ўводных: і эканамічных, і палітычных.

Што да прапаганды, то галодныя людзі казкам вераць слаба, бо пераймаюцца сваім выжываньнем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG