Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску мантажнікі выйшлі на стыхійны страйк, бо заробкі ўпалі


ААТ «Беларуськалій»
ААТ «Беларуськалій»

На 1-м рудаўпраўленьні ААТ «Беларуськалій» адбыўся стыхійны сход.

Работнікі даччынага прадпрыемства УСП трэсту «Рэммантажбуд» адмовіліся выконваць сваю працу, пратэстуючы супраць зьніжэньня заробкаў.

Пра гэта паведаміў сайт Беларускага незалежнага прафсаюзу.

Паводле старшыні незалежнага прафсаюзу гарнякоў трэсту «Раммантажбуд» Сяргея Баброва, які прымаў удзел у страйку, заробак упаў у два разы.

«Я ў сакавіку 2016 году зарабляў 1400 рублёў, сёньня 710. Людзі сёньня пачалі абурацца. Кажуць: як жыць далей? Атрымалі па 280 рублёў, а трэба крэдыты выплачваць, за што жыць? Такога ніколі не было!» — сказаў Сяргей Баброў.

Рабочыя пайшлі да кіраўніцтва, каб там выклікалі кіраўніцтва трэсту. Дырэктар трэсту Курбыка яшчэ больш абурыў работнікаў, калі заявіў, што такога падзеньня заробкаў, пра якое кажуць людзі, няма.

«Зьявілася адчуваньне, што адміністрацыя „плавае“ ў маніторынгу заробкаў або папросту хавае дадзеныя, — кажа Сяргей. — Кіраўнік пачаў пагражаць, заяўляючы, што на нашы месцы прыйдуць іншыя падрадчыкі і ўсе застануцца бяз працы, і ён у тым ліку».

Паводле Сяргея, работнікі іншых падразьдзяленьняў таксама заявілі пра падтрымку патрабаваньняў удзельнікаў стыхійнага страйку.

Кіраўніцтва прадпрыемства прапанавала сабрацца на наступны дзень з прадстаўнікамі працоўнага калектыву. Адміністрацыя ўзмацніла кантроль за распарадкам працоўнага часу і пачала абвінавачваць незалежны прафсаюз у падрыхтоўцы гэтай акцыі.

Старшыня прафкаму Белхімпрафсаюзу ФПБ Анатоль Івановіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што гэта быў ня страйк:

«Нашы рабочыя атрымалі разьліковыя лісты і запатрабавалі ў кіраўніцтва тлумачэньня, чаму ў іх такія нізкія заробкі. Я пра гэта, на жаль, ня ведаў. Зь імі сустракаўся кіраўнік, і пасьля гэтага людзі пайшлі на працу. Сёньня я зь імі сустракаўся. Гэтую праблему мы ведаем. Мы ведаем, адкуль яна ідзе, гэта ня ўсё залежыць ад нас. Нам забясьпечвае працу ААТ „Беларуськалій“. Там ёсьць свае праблемы. Так, ёсьць рэальнае падзеньне заробкаў ня толькі ў нас, а, я думаю, у 90% прадпрыемстваў Беларусі. У нас таксама».

На пытаньне, дзе ж заробак у 500 даляраў, прадстаўнік афіцыйнага прафсаюзу адказаў так:

«Мы ж дарослыя людзі. 500 даляраў заробак у мантажнікаў быў зусім нядаўна, а сёньня яго няма. Ну, быў, і 1000 быў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG