Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер Сямашка зноў паехаў у Маскву на перамовы пра нафту і газ

  • БелаПАН

Віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка

Сёньня ў Маскве пройдуць чарговыя беларуска-расейскія перамовы ў нафтагазавых пытаньнях. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзіслаў Сычэвіч, перамовы пройдуць у другой палове дня. Беларускую дэлегацыю ўзначаліць віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка.

3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу прайшлі перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным. Па выніках было заяўлена, што паміж краінамі не засталося нявырашаных пытаньняў. Пуцін, у прыватнасьці, паведаміў, што Расея і Беларусь на працягу 10 дзён урэгулююць пытаньні ў нафтагазавай сфэры (гэты тэрмін заканчваецца 13 красавіка).

Прадстаўнікі беларускага ўраду 4 красавіка паведамілі, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь адновяцца ў ранейшых аб’ёмах не пазьней за 13 красавіка. Пры гэтым новае пагадненьне аб нафце будзе дзейнічаць да 2024 году ўключна. Зь Беларусі зьнятае абавязаньне пастаўляць у Расею 1 млн тон нафтапрадуктаў за год.

Акрамя таго, Расея цалкам рэфінансуе ўсе даўгавыя абавязаньні Беларусі ў памеры 750-800 млн даляраў, а «Газпром» прадаставіць зьніжкі з паніжальным каэфіцыентам да формулы разьліку кошту газу ў 2018 і 2019 гадах.

Расея таксама разглядае магчымасьць выдачы Беларусі міждзяржаўнага крэдыту да 1 млрд даляраў на падтрымку бюджэту і плацежнага балянсу.

Віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч 5 красавіка заявіў, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь павялічацца толькі пасьля таго, калі Менск аплаціць доўг за пастаўлены газ. «Калі мы атрымаем плату за газ за мінулы пэрыяд, тады так, могуць пачацца. Але толькі ў гэтым выпадку», — сказаў ён, адказваючы на пытаньне пра магчымасьць аднаўленьня аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь 13 красавіка. Сума доўгу Беларусі за расейскі газ на сёньня перавысіла 720 млн долараў ЗША.

7 красавіка ў Маскве прайшлі перамовы віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі і ягонага расейскага калегі Аркадзя Дварковіча, размова на якіх ішла аб фармалізацыі дамоўленасьцяў. Пра вынікі перамоў нічога не паведамлялася.

11 красавіка міністар энэргетыкі РФ Аляксандар Новак паведаміў, што ўрад Расеі 13 красавіка разгледзіць праект пагадненьня аб пастаўках нафты ў Беларусь. Расейскі міністар адзначыў, што Мінэнэрга не плянуе зацягваць падпісаньне пагадненьня, «бо кіраўніцтвам вызначаныя вельмі кароткія тэрміны».

Празь некалькі гадзін адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Паводле прэс-службы прэзыдэнта Беларусі, у цэнтры ўвагі кіраўнікоў дзяржаў было «ўзаемадзеяньне на інтэграцыйных пляцоўках і актуальныя пытаньні міжнароднага парадку дня». Падрабязнасьці размовы невядомыя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG