Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыняў у Крамлі дзяржсакратара ЗША Рэкса Тылерсана і міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова. Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў.

Раней паведамлялася, што Тылерсан паспрабуе пераканаць расейскі бок адмовіцца ад падтрымкі рэжыму Асада.

Сёньня Тылерсан правёў сустрэчу з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым. Як паведамляла агенцтва РІА Новості, сустрэча доўжылася больш за пяць гадзін. Бакі абмеркавалі Сырыю, Украіну, КНДР і пытаньні двухбаковых адносін.

Візыт Тылерсана ў Маскву — першы візыт прадстаўніка адміністрацыі Трампа — праходзіць на тле абмену рэзкімі заявамі паміж амэрыканскім і расейскім лідэрамі.

Дзяржсакратар ЗША прыляцеў у Маскву 11 красавіка з італьянскага гораду Лука, дзе кіраўнікі МЗС краін «Вялікай сямёркі» абмяркоўвалі ў тым ліку шляхі ўзьдзеяньня на Расею, з тым каб зьмяніць яе стаўленьне да Башара Асада. Тылерсан заявіў, што падтрымка Дамаску не адпавядае стратэгічным інтарэсам Масквы.

Менавіта на афіцыйны Дамаск Злучаныя Штаты і іншыя заходнія краіны ўскладаюць віну за ўжываньне хімічнай зброі супраць мірнага насельніцтва ў правінцыі Ідліб 4 красавіка. У адказ 7 красавіка ЗША нанесьлі ракетны ўдар па базе сырыйскіх ВПС, зь якой, як лічыць Вашынгтон, быў зьдзейсьнены авіярэйд з прымяненьнем атрутных рэчываў.

Пазьней сёньня чакаецца прэс-канфэрэнцыя Тылерсана і Лаўрова.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG