Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэм Мядзьведзева на беларускі лад: «Доказаў няма. Але вы сядзіце»


Сяргей Дубавец

Артыкул у «Советской Белоруссии» «Імя ім легіён» чытаўся з адным пытаньнем: чаго яшчэ чакаць беларусу ад гэтае ўлады за сваю адданасьць Радзіме (не прэзыдэнту)?

Напісаны артыкул на матэрыялах сьледзтва КДБ, дзе фармуецца справа «Белага легіёну» — «стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня». Заўважце, артыкул у заканадаўстве чыста крымінальны, а артыкул у «СБ» чыста палітычны. Быццам сьледчыя КДБ замест фактаў перадалі журналістам адно толькі пажаданьне адкапаць і ажывіць даўно зьніклы «Белы легіён».

Доказаў сапраўды няма. Калі доказы ёсьць, замест іх не прыводзіцца ў якасьці доказу «цытата з аднаго з сайтаў», няма патрэбы палохаць Украінай і хаваць крыніцы пад крыптанімамі. Калі доказы ёсьць, іх ня трэба падмяняць домысламі і на гэтай падставе садзіць людзей у турму, што забараняецца і крымінальным заканадаўствам і Канстытуцыяй.

Няма сумневу, што калі б на руках у сьледзтва былі не інтэрпрэтацыі й дапушчэньні, а рэальныя дакумэнты, гэта ўсё было б абавязкова пададзенае ў эсбэшнай публікацыі. За такое чапляюцца. Бо менавіта дакумэнты выйгрышныя для тых, хто ўсё гэта задумаў. А з гэтага вынікае, што ў газэтнай публікацыі нам прапануюць літаральна ўсю як ёсьць доказную базу гэтай справы, самыя «ўдарныя» яе эпізоды. І што ніякіх іншых фактаў там папросту няма.

Навошта, напрыклад, даводзіць, што з экрана тэлевізара немагчыма адрозьніць рэальны калашнікаў ад «рэплікі», калі дастаткова даць заключэньне экспэрта — што менавіта знайшлі дома ў фігуранта? Рэальны аўтамат ці «рэпліку»? Надрукуйце паперку.

Для чаго мне, чытачу, філязофстваваньні пра арматуру пад падушкай замест канкрэтных доказаў сьледзтва — каму належала арматура (адбіткі пальцаў) і для чаго прызначалася (хоць бы і завераная экспэртам тэлефонная праслушка). Хоць што-небудзь сапраўднае, каб узяў у руку — маеш рэч.

Хада думкі журналіста, ягоныя ацэнкі і эмоцыі нікога не калышуць, калі няма фактаў. Ну чаму сёньня так важна, што «Белы легіён» у 1990-я быў «внушительной силой», калі ўвесь доказ таго, што ён не самараспусьціўся 12 гадоў таму і зьнік, — анэкдот пра нейкую «фраў А.», якая прыйшла ў нейкае пасольства? (Тут, дарэчы, і паперку надрукавалі. Але, як той казаў, я табе такіх шмат намалюю.)

Навошта журналістам выступаць інтэрпрэтатарамі праграмы «Белага легіёну» замест таго, каб даць спасылкі на інфармацыйныя матэрыялы самой арганізацыі? Што, у выглядзе простых цытат яны ні ў кога ня выклічуць абурэньня?

Для чаго пісаць, што клюб «Патрыёт» быў створаны ў Бабруйску «некоторое время назад», калі клюбу 15 гадоў і ён працаваў у поўнай згодзе зь мясцовымі ўладамі? Ах, аказваецца, тут ужо ўлады паставіліся «спустя рукава». Ну-ну. Заўтра КДБ падыме справу на БРСМ, і «СБ» таксама напіша пра «нерадивые местные власти» і што «сугубо государственное дело» даверылі «сомнительным педагогам»?

Чаму гаворка ў матэрыяле вядзецца толькі пра двух-трох-пяцёх затрыманых, калі ўсіх абвінавачаных 35? Астатнія што, ня «склейваюцца» ў адну легенду?

Навошта ў крымінальным расьсьледаваньні сьпяваць асану прэзыдэнту — хіба гэта як-небудзь сьведчыць пра віну затрыманых?

На жаль, гэта сьведчыць пра іншае. Кожны пасаж эсбэшнай публікацыі дае зразумець: справа «Белага легіёну» — палітычная, а не крымінальная. А значыць, толькі ў палітычным, прапагандысцкім ключы яе і можна апісаць. І тады ўжо, прабачце, кожны вольны глядзець на справу па-свойму. Каму «Боже царя храни», а каму беларуская мова.

Але калі гэта палітыка, чаму фігурантам справы выстаўленае крымінальнае абвінавачаньне? І чаму яны ў турме? Чыста за палітыку ў нас нібыта ня садзяць — няма такога артыкула ў КК.

Дэ юрэ няма, дэ факта, выходзіць, ёсьць.

Калі «справядлівасьць вышэй за любы закон» (А.Лукашэнка), тады прэзумпцыі, якая ў законе ёсьць, у жыцьці можа і ня быць, затое артыкул «за антысавецкую агітацыю», якога ў законе няма, у жыцьці можа, наадварот, ня толькі быць, але і працаваць. Панятак «антысавецкі», як мы памятаем з матэрыялаў сталінскіх часоў, шырокі. Прынамсі беларускі патрыятызм ён меў на ўвазе не ў апошнюю чаргу.

Сёньняшняя публікацыя ў «Советской Белоруссии» ўсім сваім духам указвае менавіта на той «антысавецкі» артыкул і быццам вяртае нам гістарычную трагедыю ў выглядзе фарсу. Пэзыдэнцкая газэта можа сабе гэта дазволіць — яе справа. Абы ў фарс не ператварыліся сьледзтва, пракуратура і суд. Бо атрымаецца, як з тым мэмам-зваротам расейскага прэм’ера да жыхароў Крыму, толькі на беларускі лад: «Доказаў няма. Але вы сядзіце».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG