Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі алігарх Усманаў патлумачыў, чаму перадаў сваю сядзібу фонду, зьвязанаму зь Мядзьведзевым


Бізнэсмэн Алішэр Усманаў (зьлева) і кіраўнік ураду Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў

Бізнэсмэн Алішэр Усманаў заявіў, што абмяняў набыты для сваёй сястры участак зь сядзібай у падмаскоўным пасёлку Знаменскае на 12 гектараў зямлі фонду «Соцгоспроект» на Рублёўскай шашы, побач са сваім домам. Пра гэта мільярдэр расказаў у інтэрвію газэце «Ведомости».

Паводле Ўсманава, 12 гектараў зямлі на Рублёўцы на беразе Масквы-ракі каштуюць каля 50 мільёнаў даляраў, а перададзены ім участак памерам 4 гектары і дом таксама ацэньваюцца прыкладна ў 50 мільёнаў. (Фонд барацьбы з карупцыяй ацэньваў яго ў 5 мільярдаў рублёў).

Усманаў падкрэсьліў, што яму невядома, ці наведвае гэты дом кіраўнік ураду Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў. Аднак адзначыў, што кіраўнік фонду «Соцгоспроект», аднакурсьнік Мядзьведзева Ільля Елісееў, хацеў пераўтварыць сядзібу ў «прадстаўніцкі дом».

Бізнэсмэн таксама заявіў, што ён не перастаў быць падатковым рэзыдэнтам Расеі, хоць вялікую частку даходаў зарабіў на апэрацыях на замежных рынках каштоўных папер.

Напярэдадні Усманаў паабяцаў падаць у суд за паклёп і ганебныя публікацыі на заснавальніка Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага.

Усманаў заявіў, што вядзе свае справы «празрыста і законна», і ў Навального няма «маральнага права» вінаваціць яго. Апазыцыянэр адказаў, што па-ранейшаму лічыць, што бізнэсмэн заплаціў хабар сыстэме дабрачынных фондаў, зьвязаных з прэм’ерам Мядзьведзевым.

У пачатку сакавіка ФБК апублікаваў расьсьледаваньне аб «тайнай імпэрыі» Мядзьведзева. У ім, у прыватнасьці, сьцьвярджалася, што Усманаў ахвяраваў зьвязанаму зь Мядзьведзевым фонду «Соцгоспроект» участак і дом на Рублёўскай шашы коштам 5 мільярдаў рублёў.

Сам кіраўнік ураду назваў расьсьледаваньне ФБК «лухтой і паперкамі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG