Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня спаўняецца шэсьць гадоў ад моманту выбуху ў менскім мэтрапалітэне. Ахвярамі тэракту на станцыі «Кастрычніцкая» сталі 15 чалавек, больш за 300 былі параненыя, цяжкія цялесныя пашкоджаньні атрымалі тры дзясяткі пасажыраў.

Ля памятнай шыльды на ўваходзе ў падземны пераход да «Кастрычніцкай» нешматлюдна, кветкі нясуць пераважна сваякі загінулых і пацярпелых, супрацоўнікі мэтрапалітэну.

Літаральна на другі дзень пасьля трагедыі, 12 красавіка 2011-га, праваахоўныя органы паведамілі пра затрыманьне жыхароў Віцебску — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Іх абвінавацілі ў шэрагу злачынстваў: арганізацыі выбухаў у Віцебску ўвосень 2005 году, у Менску ў ноч на 4 ліпеня 2008-га, а таксама 11 красавіка 2011-га ў сталічным мэтро.

Крымінальную справу аб тэракце ў мэтро разглядаў Вярхоўны Суд. Радыё Свабода сачыла за працэсам, вынікам наведваньня працэсу стала кніга нашага калегі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Канавалаў сваю віну прызнаў цалкам, Кавалёў дачыненьне да ўсіх трох выбухаў адмаўляў. Тым ня меней абодва былі асуджаныя да вышэйшай меры пакараньня.

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, Канавалаў не падаваў касацыйнай скаргі на прысуд і прашэньне аб памілаваньні на імя прэзыдэнта, зварот з боку Кавалёва задаволены ня быў. У сярэдзіне сакавіка 2012 году «віцебскія тэрарысты» былі расстраляныя.

Тым ня менш і беларускія праваабаронцы, і міжнародныя структуры, і нават пацярпелыя зьвярталі ўвагу на тое, што працэс у справе Канавалава і Кавалёва пакінуў шмат пытаньняў. Асабліва насьцярожыла пасьпешлівае выкананьне выраку, яшчэ да разгляду скаргі абаронцаў Кавалёва ў Камітэце ААН у пытаньнях правоў чалавека.

Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, якая ігнаруе патрабаваньне міжнароднай супольнасьці абвясьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG