Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 сакавіка ўлады Мазыра арганізавалі на цэнтральнай плошчы Леніна велагонкі. Аднак некалькі дзясяткаў жыхароў стыхійна выйшлі на плошчу. Тут яны публічна казалі, што ў горадзе няма працы, заробкі на большасьці прадпрыемстваў малыя, згадвалі пра значныя скарачэньні ў будаўнічых арганізацыях ды іншыя набалелыя праблемы. Браў слова на мірным сходзе і сам Крывіцкі, супраць якога мясцовыя ўлады завялі цяпер адміністрацыйную справу.

З суду Рыгор Крывіцкі накіраваўся да мэдыкаў. «Паставілі кропельніцу, бо маю праблемы з сэрцам, — кажа 73-гадовы інвалід. — І два зубы спакою не даюць, трэба лячыць. Але заўтра зноў трэба ў суд — выклікаюць па справе міліцыянтаў у якасьці сьведак».

А 15 гадзіне 11 красавіка судзьдзя Мазырскага раённага суду Сяргей Алёхін працягне разгляд адміністрацыйнага пратаколу, складзенага мясцовай міліцыяй у дачыненьні да пэнсіянэра Крывіцкага паводле артыкула 23.34 КаАП — парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства.

Рыгор Крывіцкі замаўляў у райвыканкаме менавіта на 26 сакавіка пікет гараджанаў, каб выказаць стаўленьне да дэкрэту № 3, да пэнсійнага і выбарчага заканадаўства. Аднак за чатыры дні да прызначанага тэрміну яго выклікалі ў райвыканкам.

Сама старшыня выканкаму Алена Паўлечка і яе намесьнік па ідэалёгіі Фэлікс Галюк паведамілі заяўніку, што замоўлены ім пікет на цэнтральнай плошчы не дазволены.

Раённыя кіраўнікі раілі прыходзіць да іх і вырашаць набалелыя пытаньні, хоць кожнаму вядома, што райвыканкам ня ў стане адмяніць «дармаедзкі» дэкрэт № 3, зрабіць рэформу пэнсійнага ды выбарчага заканадаўства.

«Я прапаноўваў празь мясцовыя афіцыйныя СМІ давесьці інфармацыю да гараджанаў. Аднак у выканкаме мне адмовілі ў спрыяньні», — кажа пэнсіянэр.

У адміністрацыйным пратаколе міліцыя ня згадвае, што на плошчы зь людзьмі гутарылі старшыня раённага савету дэпутатаў Сяргей Гвозьдзь і намесьнік старшыні райвыканкаму Фэлікс Галюк.

Пра гэта й напісаў пэнсіянэр Крывіцкі ў пададзеных у суд пярэчаньнях на адміністрацыйны пратакол.

Самога яго пасьля сходу на плошчы затрымалі людзі ў цывільным, завялі ў райаддзел міліцыі. Што было далей, Рыгор Крывіцкі апісвае ў водгуку на міліцэйскі пратакол:

«У кабінэт зайшоў малады чалавек, таксама ў цывільным, і папрасіў выйсьці ўсіх супрацоўнікаў. Пасьля гэтага ён стаў пагражаць мне, што я буду зьмешчаны ў камэру, дзе знаходзяцца арыштаваныя нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі з адпаведнымі наступствамі, прыніжаў маю годнасьць, нацягваў мне на вочы маю кепку. За ўсе мае 73 гады яшчэ ніхто, ніколі і нідзе са мною так не паступаў. І гэта не на вуліцы, не ў падваротні, а ў міліцыі! І гэта нягледзячы на тое, што я зьяўляюся інвалідам другой групы з прычыны хваробы сэрца».

Рыгор Крывіцкі дадае, што 26 сакавіка на плошчы Леніна складана было зразумець, хто ўдзельнічае ў сходзе, а хто назірае за гонкамі падлеткаў на роварах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG