Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Візыт Папы ў Беларусь — гэта прэрагатыва патрыярха», — мітрапаліт Павел


Мітрапаліт Павел

Вырашэньне пытаньня пра візыт Папы Рымскага ў Беларусь — гэта прэрагатыва патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Пра гэта заявіў на перадвелікоднай сустрэчы з журналістамі 10 красавіка ў Менску мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел.

«Што тычыцца візыту Папы і візыту любога кіраўніка царквы, вырашаць гэтае пытаньне — прэрагатыва патрыярха. Якое будзе прынята рашэньне патрыярхам, мы як паслушнікі будзем рыхтавацца прымаць, выконваць. Мы не запрашаем ні кіраўнікоў дзяржаваў, ні кіраўнікоў цэркваў. Гэта ня наш узровень. Таму мы будзем выконваць тое, што тычыцца нашага ўзроўню», — цытуе БелаПАН мітрапаліта Паўла.

Таксама мітрапаліт Павел не падтрымаў прапанову касьцёла правесьці супольную малітву за мір.

Ён заявіў, што паміж праваслаўнымі і католікамі «няма эўхарыстычных зносін», таму яны ня могуць разам служыць і маліцца.

«Зусім нядаўна прагучала думка — маўляў, давайце ўсе разам зьбярэмся і будзем маліцца пра мір у Беларусі. Ведаеце, я да гэтага стаўлюся крыху скептычна, бо мы кожны дзень молімся пра мір, і раніцай, і ўвечары. На гэтыя мерапрыемствы ж хто зноў прыйдзе? Ізноў прыйдуць праваслаўныя і католікі. Але мы кожны дзень молімся пра гэта. Калі мы хочам правесьці нейкае мерапрыемства ўсеагульнае, то, напэўна, трэба, каб увесь народ сабраўся і маліўся пра мір ці пра нешта іншае. Тады гэта будзе мець добры эфэкт», — сказаў мітрапаліт Павел.

На пасяджэньні грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі фонд міру» 20 сьнежня летась у Менску мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў кіраўнікоў Беларускага экзархату РПЦ, ісламскіх і юдзейскіх рэлігійных грамадаў правесьці ў 2017 годзе сумесную малітву аб міры.

Па выніках сустрэчы з Папам у Ватыкане 21 траўня 2016 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што папа Францішак абсалютна згодны з тым, што яму пара прыехаць у Беларусь. У канцы траўня мінулага году кіраўнік МЗС Уладзімер Макей заявіў журналістам, што ў Беларусі вядзецца падрыхтоўка да візыту папы Францішка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG