Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская сыстэма аховы здароўя — вялікая лятарэя, і ніколі ня ведаеш загадзя, які білет дастанецца пры наступным наведваньні паліклінікі альбо шпіталізацыі.

Ні месцапалажэньне клінікі, ні афіцыйная статыстыка і агульная рэпутацыя не гарантуюць нічога: найлепшым досьведам сутыкненьня з мэдычнай сыстэмай можа стаць наведваньне траўмапункту ў раённым горадзе, а найгоршым — шпіталізацыя ў адну з найноўшых Менскіх лякарняў.

Андрэй Ільніцкі ў сваім блогу «Добрае і дрэннае ў сучаснай сыстэме аховы здароўя Беларусі» піша, што для беларускай мэдыцыны характэрныя «добрая кіруемасьць, цэнтралізацыя і этапнасьць». Тэарэтычна, так яно і ёсьць: у жыхарак і жыхароў маленькіх гарадоў і вёсак ёсьць магчымасьць зьвярнуцца па дапамогу ў абласныя і, калі з праблемай не разьбяруцца там, у рэспубліканскія мэдычныя ўстановы. З раённых паліклінік мусяць накіроўваць у спэцыялізаваныя цэнтры, калі ня могуць вырашыць пытаньне ўласнымі сродкамі.

За неабходную мэдычную дапамогу даводзіцца змагацца.

Але ў рэальнасьці сыстэма так працуе далёка не заўжды. За неабходную мэдычную дапамогу даводзіцца змагацца. І калі сам хворы чалавек ня ў стане гэтага рабіць, і ў яго няма родных, якія маглі б дабівацца пераводу ў іншую клініку альбо правядзеньня дадатковых абсьледаваньняў, дык шанцы на выздараўленьне (а часам і на пастаноўку дыягназу) ў такога чалавека ня надта вялікія.

Ужо год майму бацьку ня могуць паставіць дыягназ. Мы ведаем толькі тое, што у яго парушана формула крыві, і дактары ня могуць «падпісаць» існую карціну пад нейкі канкрэтны дыягназ. Але абурае мяне не столькі іх няздольнасьць знайсьці першапрычыну праблемы, як нежаданьне яе шукаць. Я разумею, што бываюць рэдкія хваробы, і што бываюць нетыповыя праявы добра вядомых захворваньняў. Але гэтыя праблемы ніяк не зьвязаны з тым, што найбольш папулярны плян, які нам агучваюць у паліклініках — гэта «давайце яшчэ паназіраем».

Пры наяўнасьці дзевяці добрых спэцыялістак і спэцыялістаў, дзясяты чалавек у сьпісе можа зруйнаваць усё лячэньне.

Праблема беларускай мэдычнай лятарэі ў тым, што пры наяўнасьці дзевяці добрых спэцыялістак і спэцыялістаў, дзясяты чалавек у сьпісе можа зруйнаваць усё лячэньне. А калі несумленны доктар трапіцца першым, да астатніх дзевяці можна і ня трапіць, бо ён проста не палічыць патрэбным даваць да іх накіраваньне. А без накіраваньня — ніяк.

Некалькі гадоў я дабівалася, каб доктаркі гінэкалягічнага аддзяленьня Менскай студэнцкай паліклінікі пачалі шукаць прычыну той праблемы, якая мяне непакоіла. Але яны ўпарта ігнаравалі мае скаргі і пратакол, па якім мусілі б правесьці абсьледаваньне, то спасылаючыся на «народзіш — само пройдзе», то раючы папіць гамэапатычны сродак «месяцаў шэсьць, а там паглядзім».

Гіпатэтычна, з такой сытуацыі можна выйсьці, зьвярнуўшыся ў платную клініку. Але, па-першае, гэта таксама не гарантуе прафэсійнага падыходу, а па-другое, узьнікае заканамернае пытаньне: чаму ўвесь час трэба шукаць выйсьці, і сыстэма не працуе так, як павінна? Чаму існуюць нібыта два войскі: пацыентаў і мэдыкаў? Чаму чалавечы фактар грае такую велічэзную ролю ў працэсах дыягностыкі і лекаваньня? Чаму адна з найбольш папулярных тэмаў размоў у лякарнях — калі, як і які хабар даць доктарцы ці доктару?

У беларускай мэдычнай лятарэі выйграюць наймацнейшыя.

У беларускай мэдычнай лятарэі выйграюць наймацнейшыя. Ці тыя, у каго наймацнейшыя сваякі. Андрэй Ільніцкі піша, што ёсьць цэнтралізацыя сыстэмы, і гэта сапраўды так: каб майго бацьку год таму прынялі ў аддзяленьне рэабілітацыі, дзе ён мусіў распрацоўваць калена пасьля моцнай траўмы, ягоная жонка дайшла да кіраўніка гарадзкога аддзелу аховы здароўя. Не было ні скаргаў, ні скандалаў, — толькі просьба пасадзейнічаць вырашэньню пытаньня, бо яно па ўсіх паказчыках мусіла вырашыцца менавіта так.

Але цэнтралізацыя сыстэмы ўсё ж ня мусіць выглядаць такім чынам. Яна павінна працаваць у адпаведнасьці з дакладнымі альгарытмамі на кожным этапе. Усё ўжо даўно прыдумана: ёсьць пратаколы абсьледаваньняў і пратаколы лекаваньня. Яны з часам зьмяняюцца і ўдасканальваюцца ўсьлед за зьяўленьнем новых мэтадаў дыягностыкі і мэдыкамэнтаў.

Фармальна, у беларускай мэдычнай сыстэме ўсё стандартызавана. Але ніколі ня ведаеш, які білет выцягнеш наступны раз.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG