Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бадзяга, не чакаўшы таго, стаў палітычным». Бяздомнік, які накінуў ланцужок на шыю гарадавога, адбываў суткі разам з Паўлам Белавусам


Скульптура царскага паліцыянта ў Менску

Менскага бадзягу Антона, які накінуў ланцужок на шыю царскага паліцыянта, арыштавалі на суткі. Пра гэта распавёў карэспандэнту Свабоды дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус, які адбываў зь ім свой арышт у адной камэры ў турме на Акрэсьціна.

— Да нас яго пасадзілі, калі я ўжо адседзеў сутак дзесяць, а яму заставаліся адны суткі. Яму гадоў 45, а з гадоў 30, недзе з пачатку 2000-х ён пачаў бадзяжнічаць, зьбіраць бутэлькі, мэтал, здаваць усё гэта. І так гадоў 15 жыве. На сутках і ў ЛТП ён быў не адзін раз. Звычайна гэта за розныя пʼянкі ці крадзяжы.

А тут атрымалася так, што 23 сакавіка ён з раніцы ішоў крыху нападпітку, паляваў на мэтал, шукаў, што можна здаць. Ну і круціў у руках нейкі ланцужок. І на шляху яму трапіўся помнік гарадавому, і ён, ня думаючы, вырашыў павесіць гэты ланцужок яму на шыю. Як толькі павесіў, кажа, як зьбегліся з усіх бакоў, пачалі яго круціць, ламаць, пытацца, а навошта ён гэта робіць.

Сярод міліцыянтаў ён асоба вядомая, бо жыве шмат гадоў на вуліцы, яго шмат разоў затрымлівалі. Ну вось яго павязалі, далі дзесяць сутак за гэта. Ніхто ня верыў, што ён зрабіў гэта ад балды, проста было творчае натхненьне, ён проста вырашыў, што гэты ланцуг будзе добра глядзецца на шыі гарадавога. І вось ён, зусім не чакаючы і не жадаючы гэтага, стаў палітычным. Пасьля ён даведаўся, што на гарадавога вешалі пятлю анархісты. Але Антон гэта рабіў без усялякіх мэтаў, проста яго натхніла на гэта ранішняе надворʼе.

Павал Белавус па вызваленьні з турмы на Акрэсьціна

Павал Белавус па вызваленьні з турмы на Акрэсьціна

— Менавіта ў турме на Акрэсьціна ён даведаўся пра тое, што Вячаслаў Касінераў ладзіў пэрформанс і накінуў на шыю гарадавому пятлю?

— У турме яму расказалі... Ну і казаў, што міліцыянты ня верылі. Пасьля знайшлі ў яго ў кішэні нейкія грошы, пачалі дапытваць, ці хто яму заплаціў за гэта. Дапытваліся, пад чыім уплывам ён гэта зрабіў. Але ён казаў, што цалкам самастойна ўсё гэта зрабіў. Такая анэкдатычная гісторыя атрымалася.

— Зь ім сядзелі ў адной камэры ты, Раман Пратасевіч...

— Нас за гэтыя 15 дзён разоў пяць па розных камэрах кідалі. Сядзелі з палітычнымі і са звычайнымі, з дробнымі хуліганамі. Чалавек трыццаць у мяне зьмянілася за гэты час — пяць камэраўі чалавек 30, таму такія цікавыя кадры трапляліся.

— На Акрэсьціна нават нарадзілася ідэя новага праекту, раскажы пра яго.

— Гэты бадзяга Антон сказаў, што хоча вылезьці з свайго дна. Але ня ведае як, кажа, што яму цяжка, складана. Але чым ён адметны — ён вельмі добры апавядальнік. Ён дасканала памятае, дзе што калі зьбіраў, якія грошы знайшоў, што дзе зарабіў, што скраў, якія бадзягі калі памерлі, у каго які лёс... Гэта хадзячая энцыкляпэдыя такога бруднага і самага цяжкага жыцьця ў Менску. Дно Менску ён ведае вельмі дакладна. І мы хочам разам з Пратасевічам зрабіць такі тыдзень жыцьця разам зь ім. Антон таксама захапіўся гэтай ідэяй. І мы хочам па факце яго біяграфіі стварыць гісторыю Менску вачыма бадзягі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG