Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна тэракту ў менскім мэтро


Кветкі пасьля трагедыі ў менскім мэтро

Падзеі 11 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Афіша

Акустычны выступ гурту «Нельга забыць»

Пераможца літаратурнай прэміі «Дэбют-2017», паэт і музыка гурту «Нельга забыць» Міхаіл Бараноўскі выступіць з акустычным канцэртам у кавярні «Дом Фішара». Гурт «Нельга забыць» быў створаны напрыканцы 2009-га, адмыслова пад праграму «Леаніды ня вернуцца да зямлі...» паводле аднайменнага твору Ўладзімера Караткевіча.

Менск, кавярня «Дом Фішара» (пр. Незалежнасьці, 84а).

Пачатак а 19-й гадзіне.

Квіток каштуе 5 рублёў.

Праект «Theatre HD»

У межах праекту «Theatre HD» адбудзецца паказ трансьляцыі па п’есе Мальера «Мізантроп». Спэктакль будзе ісьці на францускай мове з расейскімі субтытрамі і мае ўзроставае абмежаваньне 16+.

Менск, кінатэатар «Цэнтральны» (пр. Незалежнасьці, 13).

Пачатак у 19:30.

Дата дня

11 красавіка 2011 году адбыўся выбух у менскім мэтрапалітэне. У выніку тэракту загінулі 15 чалавек, 203 пацярпелі. Уладзіслава Канавалава і Дзьмітрыя Кавалёва, меркаваных выканаўцаў выбуху, расстралялі паводле судовага выраку.

Таксама ў гэты дзень

1814 — францускі імпэратар Напалеон Банапарт адрокся ад пасаду.

1923 — у Вільні пачаўся першы зьезд пэдагогаў беларускіх сярэдніх школ Заходняй Беларусі, скліканы Таварыствам беларускай школы.

1927 — прынятая другая Канстытуцыя БССР.

1963 — гурт «The Beatles» выдаў сынгл «From Me to You». Гэта стала іх першай песьняй, якая трапіла на вяршыню ангельскага гіт-параду.

1995 — 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму. На рэфэрэндум выносіліся пытаньні аб скасаваньні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, зьмены дзяржаўных сымбаляў, інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году

У гэты дзень нарадзіліся

1755 — ангельскі доктар Джэймс Паркінсан, які першы апісаў сымптомы захворваньня, вядомага сёньня пад назвай хваробы Паркінсана. Сёньня ж адзначаецца Сусьветны дзень змаганьня з хваробай Паркінсана.

1936 — Івонка Сурвіла, дзяячка беларускай эміграцыі, ад 1997 году старшыня Рады БНР.

У памяці

1937 — у няволі памёр рэпрэсаваны беларускі пісьменьнік і дзяржаўны дзяяч Цішка Гартны. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён памёр у Магілёўскай псыхлякарні. Таксама існуе меркаваньне, што ён скончыў жыцьцё самагубствам.

1977 — памёр Жак Прэвэр, францускі паэт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG