Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынесла копіі дзіцячых пасьведчаньняў, атрымала квітанцыю на штраф, — Наста Дашкевіч пра завочны суд


Наста Дашкевіч у судзе. 10 красавіка 2107 году

Насту Дашкевіч, жонку Зьмітра Дашкевіча, які знаходзіцца ў СІЗА № 1 паводле абвінавачаньня ў «навучаньні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў», як выявілася сёньня, яшчэ 30 сакавіка завочна засудзілі за знаходжаньне ў намётавым лягеры абаронцаў Курапатаў.

Яе зьвінавацілі ў парушэньні парадку пікетаваньня. Як адзначаецца ў пратаколе суду Першамайскага раёну Менску, Наста Дашкевіч на працэс не зьявілася. Прысуд — штраф у памеры 15 базавых велічынь (345 рублёў).

Як атрымалася, што Наста Дашкевіч даведалася пра прысуд 10-дзённай даўнасьці толькі сёньня? Няўжо не атрымлівала пэрсанальнага запрашэньня?

«Не, адмыслова не запрашалі. Апошнім часам шмат прыходзіць рознага кшталту паведамленьняў на пошту, сярод іх паведамленьні, каб прыйсьці і забраць лісты з таго ж РУУС. То бок — ня позва, бо звычайна яна прыходзіць адразу, кладуць на стол. Тады ўсё зразумела. У дадзеным выпадку — заказная карэспандэнцыя. У мяне не было магчымасьці пайсьці, тым больш, РУУС — ня самая сур’ёзная прычына. Сёньня я проста прыйшла, каб перадаць копіі пасьведчаньняў аб нараджэньні дзяцей, што маю непаўналетніх, і паехаць далей па сваіх справах. І раптам высьветлілася, што суд адбыўся 30 сакавіка».

Насту Дашкевіч, такім чынам, пакаралі завочна, і гэта яе абурае:

«Вы ж бачыце, што зараз назіраецца такая тэндэнцыя — абсалютна ненармальная, ненатуральная. Відавочна, што ёсьць пэўная колькасьць людзей, якіх трэба асудзіць па наяўных пратаколах. Вось канвэер і працуе. Ніякіх акалічнасьцяў вывучаць ніхто не зьбіраецца. Ніхто не зьвяртае ўвагі, што абсалютна не падрыхтаваныя сьведкі-міліцыянты, як сёньня сама пабачыла на працэсе над Раманам Васільевым. Зусім нічога не разумеюць, нават ня ў курсе таго, што адбываецца ў Курапатах, кажуць нейкую бздуру. І суды, судзьдзі сябе такімі паводзінамі цалкам дыскрэдытуюць, таму што ператвараюцца ў абслуговы пэрсанал для сілавых структураў».

У параўнаньні зь іншымі штрафамі, якія суды выпісваюць актывістам, Наста Дашкевіч абышлася ня самым вялікім — 15 базавых велічыняў, 345 рублёў. Вользе Мікалайчык сёньня прысудзілі 30 базавых, Ніне Багінскай і Раману Васільеву — па 50 базавых кожнаму. Гэта калі ня браць пад увагу, што Наста ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за маленькімі дзецьмі, а муж Зьміцер — пад перасьледам за нібыта падрыхтоўку «баевікоў»:

«З аднаго боку, гэта папаўненьне дзяржаўнага бюджэту, зь іншага — дэманстрацыя для замежнікаў рознаўзроўневых пакараньняў, калі ствараецца імітацыя „аб’ектыўных разбораў і выракаў“, сувымерных зь цяжкасьцю правапарушэньня. Безумоўна, справа непрыемная, хоць, на вялікі жаль, для нас у нейкай ступені ўжо звыклая».

Наста кажа, што з аплатай штрафаў пакуль дапамагаюць неабыякавыя людзі, некаторыя праваабаронцы. Непрагназаваныя матэрыяльныя выдаткі яна спадзяецца зь іх дапамогай адужаць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG