Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус застаецца ў кіраўніцтве Нацбанку Ўкраіны, але не старшынёй


Дзьмітры Салагуб

Старшыня Нацыянальнага банку Ўкраіны (НБУ) Валерыя Гонтарава мяркуе, што выканала сваю місію на гэтай пасадзе, ды заявіла пра адстаўку зь 10 траўня.

«Я ад самага пачатку падкрэсьлівала, што іду рабіць рэформы. Але завяршыць рэформы не змагла. Галоўнае, што зроблена, — забясьпечаная фінансавая стабільнасьць. Спадзяюся, што прэзыдэнт прыме маю адстаўку і прапануе на гэтую пасаду прафэсійнага ды незалежнага ад палітычных уплываў чалавека», — сказала Валерыя Гонтарава сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Валерыя Гонтарава

Валерыя Гонтарава

Валерыя Гонтарава падкрэсьліла, што гэтае рашэньне ўхваліла з уласнага жаданьня.

Згодна з украінскім заканадаўствам, Нацыянальны банк Украіны мае за месяц паведамляць пра ўсе зьмены, што адбываюцца ў складзе праўленьня гэтай структуры. Пасьля адстаўкі Валерыі Гонтаравай функцыі кіраўніка НБУ часова будзе выконваць яе першы намесьнік Якаў Смолій. Беларус Дзьмітры Салагуб, як і раней, буде адказваць за манэтарную палітыку на пасадзе намесьніка старшыні НБУ.

Адстаўкі Валерыі Гонтаравай больш за год патрабавала парлямэнцкая апазыцыя — фракцыі «Бацькаўшчына», «Радыкальная партыя» ды «Самапоміч». Яе абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з расейскім бізнэсам, у прыватнасьці з банкам ВТБ.

На мінулым тыдні актывісты пікетавалі дом Валерыі Гонтаравай з патрабаваньнямі закрыцьця расейскіх банкаў ва Ўкраіне і ейнай адстаўкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG