Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нездаровая дыета можа прывесьці да павелічэньня вагі, але ня толькі. Яна можа штучна павялічваць узрост вашага арганізму. Пра гэта на сайце sharecare.com піша Тэйлар Лупаў.

Сёньня шырока вядома, што дыета можа дапамагчы або пашкодзіць нашаму здароўю. Багатая на транстлушчы дыета можа павялічваць рызыку інсульту. Калі вы ясьце занадта шмат цукру, гэта можа павялічыць рызыку сьмерці ад сардэчна-судзінных захворваньняў, безадносна да таго, маеце вы празьмерную вагу або не. Але найменш вядомы эфэкт ад няправільнай дыеты — хуткае старэньне. Вось некаторыя з такіх дрэнных харчовых звычак.

1. Вы не п’яце дастатковай колькасьці вады

Патрэбная колькасьць вады вар’іруецца ад чалавека да чалавека, але амэрыканскі Інстытут мэдыцыны рэкамэндуе дарослым грамадзянам спажываць ад дзевяці да трынаццаці шклянак у дзень. Калі вы п’яце мала, то рызыкуеце абязводжваньнем арганізму, што можа выклікаць галавакружэньне, раздражняльнасьць і стомленасьць. Абязводжваньне таксама старыць вонкавы выгляд скуры. Абязводжаная скура часова губляе сваю элястычнасьць, што мы часта бачым у пажылых людзей. Дадатковая шклянка вады не засьцеражэ вас ад маршчынаў, але павялічыць шчыльнасьць скуры і яе таўшчыню. Можна піць ваду, сокі, а можна есьці і сьвежую садавіну, якая таксама ўтрымлівае ў сабе шмат вадкасьці.

2. Вы ўжываеце няправільныя віды тлушчаў

Нашы целы маюць патрэбу ў некаторай колькасьці тлушчу, каб нармальна функцыянаваць, але важна спажываць правільныя іх віды. Монаненасычаныя і поліненасычаныя тлушчы, якія зьмяшчаюцца ў такіх прадуктах, як ласось і авакада, могуць дапамагчы зьнізіць узровень дрэннага халестэрыну і зьяўляюцца часткай здаровай дыеты.

Транстлушчы і насычаныя тлушчы павялічваюць узровень дрэннага (LDL) халестэрыну. Высокі ўзровень халестэрыну зьяўляецца фактарам рызыкі сардэчна-судзінных захворваньняў, вядучай прычыны сьмерці сярод мужчын і жанчын. Лішак дрэннага тлушчу можа прывесьці да звужэньня артэрыяў, што павялічвае рызыку ўтварэньня тромбаў і іх наступствы — сардэчны прыступ, інсульт і заўчасную сьмерць. Да здаровых тлушчаў лекары адносяць аліўкавы і іншыя расьлінныя алеі, а таксама амэга-3 тлустыя кіслоты.

3. Вы ясьце апрацаваныя прадукты

Апрацаванае мяса смачнае, але яно можа прыводзіць да заўчаснага старэньня. Бэкон і сасіскі на сьняданак могуць быць адказныя за павелічэньне ўзроўню сьмяротнасьці. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя сьведчыць, што прадукты з апрацаванага для лепшага захаваньня або для смаку могуць быць канцэрагеннымі і павялічваюць рызыку некаторых відаў раку.

Таксама і высокая ступень перапрацоўкі некаторых харчоў і рафінаваных вугляводаў могуць красьці нашу маладосьць. Такія рафінаваныя вугляводы, як белы хлеб і макароны, павялічваюць рызыку сардэчных захворваньняў, а адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што яны ўяўляюць сабой нават большую рызыку для сэрца, чым шкодныя тлушчы.
Скаладайце сваю дыету са сьвежых прадуктаў, багатага на атруб’е хлеба і такіх расьлінных бялкоў, як, напрыклад, бабовыя культуры.

4. Вы залежныя ад цукру

Шмат цукру ў ежы можа прывесьці да страты колеру зубамі і зморшчвае скуру. Цукры зьмяншаюць вытворчасьць калагену нашай скурай, што трымае яе ў маладым стане. З узростам колькасьць калагену падае натуральным чынам, а лішак цукру робіць нашу скуру старэйшай заўчасна.

Ня толькі цукар павялічвае нашу вагу, прадуктаў з такімі ўласьцівасьцямі шмат. Але менавіта цукар адказны з назапашваньне тлушчу каля жывата, што ў сваю чаргу павялічвае рызыку сардэчных хваробаў і дыябэту 2-га тыпу, якія такасама крадуць гады жыцьця.

Лепш за ўсё патрэбу ў салодкім задавольваць кубкам ягаднага асарці або кавалачкам цёмнага шакаляду.

5. Вы спажываеце шмат алькаголю

Дасьледаваньні паказваюць, што памяркоўнае спажываньне алькаголю (адна шклянка ў дзень для жанчын і дзьве — для мужчын) можа зьменшыць рызыку сардэчна-судзінных захворваньняў і працягнуць жыцьцё. Але залішняе шчыраваньне з алькаголем можа наша жыцьцё скараціць.

Празьмернае ўжываньне алькаголю можа прывесьці да раку, пашкоджаньня печані і высокае крывянога ціску. Алькаголь багаты на калёрыі і можа павялічваць нашу вагу, і, адпаведна, рызыку хваробаў сэрца і дыябэту. Так што лепш за ўсё лепш ужываць больш лёгкія віды алькаголю, напрыклад, сухія віны, а ў кактэйлі дадаваць больш садавіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG