Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бязьдзеяньне Расеі дапамагло хімічнай атацы Асада, — Тылерсан


Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан

Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан абвінаваціў Расею ў бязьдзеяньні, што прывяло да хімічнай атакі на кантраляваную антыўрадавымі паўстанцамі тэрыторыю, у якой загінула больш за 70 мірных жыхароў. Пра гэта Тылерсан заявіў у інтэрвію This Week на канале ABC.

«Я думаю, рэальным правалам быў правал Расеі ў выкананьні сваіх абавязкаў у межах пагадненьняў па хімічнай зброі, што былі заключаныя ў 2013 годзе, — заявіў Тылерсан. — Правал, зьвязаны зь нядаўнім ударам і з жудаснай хімічнай атакай, — гэта ў вялікай ступені правал расейскага боку ў выкананьні сваіх абавязаньняў перад міжнароднай супольнасьцю».

Пры гэтым Тылерсан адзначыў, што ня бачыў надзейных сьведчаньняў таго, што Расея брала наўпроставы ўдзел у плянаваньні ці выкананьні атакі. Але заявіў, што ЗША чакаюць, што Расея зойме больш жорсткую пазыцыю да Сырыі і пераглядзіць альянс з Башарам Асадам, бо «кожная такая жудасная атака набліжае Расею да пэўнай ступені адказнасьці» .

Да 2013 году Сырыя афіцыйна прызнавала, што мае хімічную зброю і гатовая яе ўжываць. Пад міжнародным ціскам пасьля меркаванай хімічнай атакі ў 2013 годзе Сырыя далучылася да Канвэнцыі аб хімічнай зброі і пагадзілася зьнішчыць свае запасы пад наглядам ААН і Арганізацыі забароны хімічнай зброі. На сярэдзіну 2014 году паведамлялася, што Сырыя зьнішчыла ўсе запасы такой зброі, але заставаліся сумневы ў поўным зьнішчэньні, выяўляліся недакладнасьці ў дакумэнтах, гучала занепакоенасьць у сувязі з магчымым захаваньнем часткі запасаў.

Рэкс Тылерсан тым часам мае выправіцца ў Маскву на перамовы з прадстаўнікамі Крамля на гэтым тыдні. Афіцыйныя Дамаск і Крэмль сьцьвярджаюць, што ўрадавае войска не ўжывала хімічнай зброі, настойваючы на тым, што ў выніку амэрыканскага авіяналёту былі зьнішчаныя запасы хімічных боепрыпасаў, якія належалі апазыцыі. Расея ў адказ на ўдар прыпыніла дамову з ЗША аб прадухіленьні інцыдэнтаў і бясьпецы палётаў у Сырыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG