Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў рыхтуецца да «Эўравізіі», нягледзячы на пагрозы байкоту


Камень спатыкненьня паміж арганізатарамі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу і кіеўскімі ўладамі — забарона на выступ ва Ўкраіну для ўдзельніцы ад Расеі, якая незаконна наведвала часова акупаваны Крым.

Міністэрства замежных справаў Украіны мае афіцыйна адрэагаваць на ліст Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу пра імавернасьць адмовы некаторых краінаў ад удзелу ў песенным конкурсе Эўравізіі з прычыны забароны ўезду на ўкраінскую тэрыторыю расейскай удзельніцы Юліі Самойлавай. Яна два гады таму, парушаючы памежны рэжым з Украінаю, наведала анэксаваны Расеяй Крым і выступіла там з канцэртам.

Якія краіны ініцыявалі байкот і разглядаюць магчымасьць адмовы ад удзелу ў конкурсе — у Эўрапейскім вяшчальным зьвязе не ўдакладняюць. Расейская ж сьпявачка, нягледзячы на забарону ўезду ва Ўкраіну, працягвае рыхтавацца да выступу на «Эўравізіі». Арганізатары конкурсу ў Кіеве таксама фарсуюць падрыхтоўку.

Палітычная інтрыга непалітычнага кроку

Украіна заяўляе, што забясьпечыць роўныя магчымасьці для ўсіх удзельнікаў конкурсу, але галоўнай умовай застаецца іхная павага да нацыянальнага заканадаўства.

«Рашэньне СБУ забароніць уезд Юліі Самойловай на тэрыторыю Ўкраіны ня мае ніякай палітычнай афарбоўкі і прадыктавана выключна грубым парушэньнем заканадаўства Ўкраіны, а менавіта незаконным наведваньнем часова акупаванага Крыму», — пераконваюць у аргкамітэце «Эўравізіі».

Фота ў афіцыйнай суполцы Юліі Самойлавай «УКантакце», падчас наведваньня Крыму
Фота ў афіцыйнай суполцы Юліі Самойлавай «УКантакце», падчас наведваньня Крыму

У Кіеве ўсю адказнасьць за сытуацыю ўскладаюць на расейскі бок і не выключаюць, што Расея, усьведамляючы лягічную рэакцыю Ўкраіны, наўмысна выбрала для ўдзелу ў конкурсе сьпявачку з абмежаванымі магчымасьцямі. «Калі Расея сапраўды зацікаўлена ва ўдзеле ў „Эўравізіі-2017“, Масква мае дэлегаваць іншага канкурсанта, які не парушаў заканадаўства Ўкраіны», — падкрэсьліваюць арганізатары.

Каб разьвязаць сытуацыю, Эўрапейскі вяшчальны зьвяз прапанаваў арганізаваць выступ Юліі Самойлавай празь відэасувязь. Аднак Масква палічыла дыстанцыйны ўдзел сваёй сьпявачкі парушэньнем рэглямэнту конкурсу, а Кіеў — чарговым грэбаваньнем украінскімі законамі.

Вячаслаў Кірыленка
Вячаслаў Кірыленка

«Гастролі і тэлеперадачы з удзелам пэрсонаў нон грата ва Ўкраіне забаронены. Рашэньне — у зьмене ўдзельніка ад Расеі, а пазыцыя Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу палітызуе конкурс», — заявіў віцэ-прэм’ер Украіны Вячаслаў Кірыленка.

Дарэчы, аналягічная палітычная інтрыга мала месца ў 2009 годзе на «Эўравізіі» ў Расеі, — тады была дыскваліфікаваная песьня грузінскіх сьпевакоў празь нібыта двухсэнсоўнасьць у назьве. «We do not wanna Put In» у сьвятле канфлікту ў Паўднёвай Асэтыі ў 2008 годзе на слых успрымалася як песьня пра расейскага прэзыдэнта Пуціна. Тады Эўрапейскі вяшчальны зьвяз выказаў пратэст і патрабаваў зьмяніць песьню, але Грузія наагул адмовілася ўдзельнічаць у конкурсе.

Папярэдзіць правакацыі

Вучэньні ў міжнародным аэрапорце «Барыспаль»
Вучэньні ў міжнародным аэрапорце «Барыспаль»

Апошнія два тыдні памежнікі, ратавальнікі і праваахоўнікі Ўкраіны праводзяць ледзь не штодзённыя нарады ды вучэньні для папярэджаньня магчымых рызыкаў, зьвязаных з масавымі захадамі.

Вучэньні ў міжнародным аэрапорце «Барыспаль»
Вучэньні ў міжнародным аэрапорце «Барыспаль»

У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны не выключаюць правакацыяў. «Пэўныя сілы могуць перашкаджаць хадзе конкурсу, каб выставіць Украіну ў нявыгадным сьвятле перад сусьветнай супольнасьцю», — мяркуюць праваахоўнікі. Падчас «Эўравізіі» ўсе яны будуць працаваць у спэцыяльных камізэльках, каб вылучацца ў натоўпе.

Вучэньні ў міжнародным аэрапорце «Барыспаль»
Вучэньні ў міжнародным аэрапорце «Барыспаль»

Попыт перавышае прапанову

На гэты момант на канцэрты ды рэпэтыцыі «Эўравізіі» прададзена ўжо амаль 30 тысяч квіткоў. Але на сёньня агент у продажы квіткоў заплянаваў яшчэ адну хвалю — для ахвотнікаў усё яшчэ ёсьць шанец трапіць на другую і трэцюю рэпэтыцыі першага паўфіналу (8 і 9 траўня), на першы паўфінал (9 траўня), на другую ды трэцюю рэпэтыцыю другога паўфіналу (10 і 11 траўня), а таксама фінал.

«Калі попыт перавышае прапанову, актывізуецца другасны рынак квіткоў. „Эўравізія“ не выключэньне. Можна знайсьці прапановы квіткоў на фінальнае шоў і паўфіналы за цану, значна вышэйшую за намінальную. Набываючы такі квіток, вы рызыкуеце набыць падробку або копію арыгіналу, таму раім купляць толькі ў афіцыйнага партнэра Concert.ua», — папярэджваюць арганізатары.

Гаворым па-ўкраінску

За некалькі тыдняў да конкурсу арганізатары «Эўравізіі» прапанавалі ўдзельнікам сказаць па тры сказы на ўкраінскай мове: «До зустрічі в Києві!», «Ласкаво просимо на Євробачення!» та «Привіт, мене звати...». У відэакліп ня трапіў беларускі гурт Naviband. Напэўна, таму, што з украінскім вымаўленьнем яны справіліся лепш за іншых удзельнікаў конкурсу.

А якраз гэтымі днямі беларусы падрыхтавалі прэзэнтацыю пра Беларусь, запісаную на асноведзі Мірскага замку. Яе пакажуць напярэдадні ды падчас конкурсу.

Сцэнарысты з Брытаніі

Сцэнары для «Эўравізіі-2017» пішуць брытанцы Алекс Ўорэл і Тым Тэлінг.

Алекс Ўорэл
Алекс Ўорэл

Алекс Ўорэл — былы кіраўнік распрацовак у Granada New York, дзе ён быў аўтарам і рэжысэрам топавай праграмы пра спатканьні на MTV US — Room Raiders. Пазьней стаў старшынём распрацовак у MTV UK & International.

Тым Тэлінг
Тым Тэлінг

Тым Тэлінг — рэдактар папулярнага ў Вялікай Брытаніі сатырычнага сайту Daily Mash. У мінулым ён тытуляваны артыст размоўнага жанру.

Ня толькі скандалы

Галоўнай арэнай «Эўравізіі» стане Міжнародны выстаўны цэнтар побач са станцыяй мэтро «Левабярэжная» ў Кіеве. Штодня сюды ўжо прывозяць тэхніку і абсталяваньне з розных краінаў. Сёлета пад стольлю канцэртнай залі будзе ўстаноўлена каля 200 тон рознага абсталяваньня — і гэта своеасаблівы рэкорд у гісторыі конкурсу.

Міжнародны выставачны цэнтар — галоўная арэна «Эўравізіі-2017»
Міжнародны выставачны цэнтар — галоўная арэна «Эўравізіі-2017»

Адкрыцьцё ж конкурсу адбудзецца 7 траўня на іншай пляцоўцы — у выстаўным цэнтры «Паркавы». Асобнай будзе і цырымонія праходжаньня ўдзельнікаў па чырвонай дарожцы рэкорднай даўжыні (265 мэтраў), якая будзе разасланая ў Марыінскім парку — непадалёк ад урадавага кварталу ў Кіеве.

Першыя ж нацыянальныя дэлегацыі чакаюць у Кіеве ўжо ў канцы красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG