Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гатовыя пляскаць у ладкі», — рабочы «Івацэвічдрэва» пра затрыманьне дырэктара


«Івацэвічдрэў»

Працаўнікі «Івацэвічдрэва» кажуць, што пасьля затрыманьня генэральнага дырэктара Ўладзімера Шульгі ня ведаюць, як збываць прадукцыю. Разам з тым, удакладняюць рабочыя, арыштаванага кіраўніка мала хто шкадуе.

Для 25-тысячнага раённага цэнтру затрыманьне гендырэктара «Івацэвічдрэва» Ўладзімера Шульгі параўнальнае з інфармацыйнай «бомбай». Тэма арышту чыноўніка, якога прызначыў уласна Аляксандар Лукашэнка, абмяркоўваецца як на вуліцах Івацэвічаў, так і ў сацыяльных сетках, дзе гэтая інфармацыя зьбірае сотні лайкаў.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі выявіў, што ў выніку махінацыяў з закупкай па завышанай цане мэляміну з Кітаю Шульга разам з сынам нанесьлі шкоду прадпрыемству ня менш як на 224 720 эўра.

«Івацэвічдрэў» — флягман прамысловасьці рэгіёну. Некалькі гадоў таму тут прайшла мадэрнізацыя. Па выніках інспэкцыі ў 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка зьняў былога генэральнага дырэктара Барыса Міхнюка і прызначыў «наводзіць парадак» кіраўніка канцэрну «Беллеспаперапрам» Уладзімера Шульгу.

Многія жыхары Івацэвічаў тады неадназначна ацанілі адстаўку вопытнага Міхнюка, «ганаровага жыхара Івацэвічаў», аўтарытэт якога ў горадзе быў высокім. Многія выказвалі меркаваньне, што «непрыгожа так груба абыходзіцца з заслужаным чалавекам».

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з рабочым «Івацэвічдрэва», які на ўмовах ананімнасьці распавёў, што ў абарону цяперашняга дырэктара прадпрыемства «ніхто і слова ня скажа».

«Спачатку быў такі чэсны...»

«Задаволеныя. Некаторыя нават у ладкі пляскаць гатовыя, што гэта здарылася. Бо ўсіх тут Шульга заціскаў. Міхнюк быў нармальны — выслухаць умеў. А Шульга — усё ў цёмную. Я шмат гадоў адпрацаваў, да Міхнюка па нейкіх пытаньнях хадзіў. А цяпер нават ня ведаю, які кабінэт там у Шульгі. Да Міхнюка можна было зайсьці і пагутарыць, а да гэтага — запісвацца трэба.

Шульга ледзь ня кожныя выходныя ў Менск езьдзіў, думалі, справаздачу дае перад Лукашэнкам... А тут — на табе! Усе ж лічылі, што ён прысланы Лукашэнкам, каб наладзіць тут усё, а такое вырабіў...

Шульга стаў прыбіраць добрых людзей. Быў у нас галоўны інжынэр — ня змог працаваць зь ім. Разумны, ведаў вытворчасьць, столькі тут працаваў. І напісаў заяву на звальненьне. Вось сканчаюцца ягоныя два месяцы адпрацоўкі і сыходзіць дырэктарам Целяханскай лыжнай фабрыкі. Шульга ставіць тупых, якія не павінны разумець, што ён тварыў.

Дом у Івацэвічах, дзе знаходзілася службовая кватэра затрыманага гендырэктара «Івацэвічдрэва» Ўладзімера Шульгі

Дом у Івацэвічах, дзе знаходзілася службовая кватэра затрыманага гендырэктара «Івацэвічдрэва» Ўладзімера Шульгі

Спачатку нібыта быў такі чэсны, усе казалі — во малайчына! На службовай машыне нікуды ня езьдзіў — Міхнюк той куды заўгодна езьдзіў. А гэты — не, на вакзал кіроўца завязе, на цягнік — і ў Менск. Гэта спачатку. А потым ужо і кіроўца стаў дома ставіць машыну, каб за ім прыехаць. Апошні час і ў Менск і назад на гэтай машыне. Карацей, пакрысе ўсе адаптуюцца...».

Пра затрыманьне

«Зайшлі гэтыя КДБ і ўсе тыя людзі ў чорным, кампутары пазабіралі ў адміністрацыі. Некаторых і работнікаў пазабіралі, па адным вазілі ў Берасьце на допыт, потым вярталі — начальніка па забесьпячэньні, начальніка па камэрцыйных пытаньнях, іншых. Іх дапыталі, але адпусьцілі. Яны, відаць, проста дакумэнты праводзілі, а, напэўна, сам Шульга ўсё гэта круціў з сынам.

Казалі, да начальніка забесьпячэньня, які вёў гэты мелямін, зайшлі ў кабінэт і кажуць: маўляў, станавіся тварам да сьцяны і рукі за сьпіну. Той засьмяяўся, а яму — пасьведчаньне, і павезьлі ў Берасьце на допыт.

Уварваліся ў бухгальтэрыю, пытаюць — хто тут па валюце? За іх — ды таксама на допыт. Дзяўчат пачалі гэтых цягаць, нэрвы псаваць... Усе ж напалоханыя, хаця яны і ні пры чым».

«У мяне свая фірма ёсьць»

«Чалавек з забесьпячэньня казаў: было бачна раней, што бяруцца за Шульгу з гэтым мэлямінам. Неяк прыйшлі трое, усе маладыя, у такіх паліто строгіх. Зайшлі да Шульгі, прапанавалі паўдзельнічаць у тэндэры па пастаўках мэляміну. Шульга іх выгнаў, маўляў, у мяне свая фірма ёсьць.

А гэта, аказваецца, КДБ ужо за ім сачыла. Ня проста ж яго схапілі, а і раней сачылі».

Пра афэру з мэлямінам

«Раней мэлямін закуплялі ў Польшчы — тут блізка, вазілі машынамі. Але падлічылі, што з Кітаю таньней. Два месяцы на баржы плыве па акіяне адтуль у Кляйпэду. А там, аказваецца, фірма сына Шульгі. Адтуль грузілі на плятформы і ў кантэйнэрах мэлямін прыходзіў нам. Кітайскія кантэйнэры і прыходзілі, з надпісамі кітайскімі. Во, нядаўна 100 тон выгрузілі. Гэта палічыць — 150 тысяч даляраў. Калі яны па 75 цэнтаў куплялі за кіляграм, а нам прадавалі за 1,5 даляра, то палічыце, колькі са 100 тон яны мелі.

Мэлямін — гэта такое белае рэчыва, якое робіць цьвёрдай смалу, якая выкарыстоўваецца пры вытворчасьці драўляна-стружачных плітаў».

Начальніку — 3000 рублёў, рабочаму — 400

«Рэальны сярэдні заробак ў рабочых — 400 рублёў. А афіцыйна сярэдні па заводзе — 800 рублёў. Ну правільна, калі начальнік новага заводу 3000 рублёў зарабляе, усе начальнікі цахоў — вышэй 1000 рублёў.

Чуў апошнія навіны: пакуль ніякіх адгрузак на наступны тыдзень, таму што такая справа вакол Шульгі, і ніхто ня можа гэтае пытаньне вырашыць. Таму адгружаць пакуль нічога ня будзем. Зараз без дырэктара прадпрыемства».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG