Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Краіна належыць нам!» — новы трэвэл-праект пераадкрывае падарожжы па Беларусі


«Гэтае лета будзе асаблівым», — абяцаюць аўтары Go to Belarus. Замест таго каб вылоўліваць танныя квіткі на сайтах лоўкостаў, яны прапануюць наноў адкрываць Беларусь і падарожнічаць паміж Магілёвам і Гародняй. Як завабіць менчука на Глыбоччыну, калі ён прызвычаіўся штогод лётаць у Эгіпет, і як у вёсцы разгледзець ня толькі калгас, Свабодзе расказала Кася Сырамалот, арт-дырэктарка 34travel.

— Раскажыце, калі ласка, пра сам праект. Гэта працяг 34travel.me і 34mag.net? Яго робіць тая ж каманда?

— Праект Go to Belarus робіцца сіламі нашай каманды. Спачатку мы сталі заўважаць, што бракуе якаснай і даступнай інфармацыі пра Беларусь.

Кася Сырамалот

Кася Сырамалот

Пачыналася ўсё з нашых аўтарскіх гайдаў па Менску на 34mag.net у 2013. Потым мы рабілі вялікі праект «Правінцыя». Сілаў і ведаў назапасілася шмат, і ўзьнікла пытаньне: як усё тое, што мы ведаем, расказаць большай аўдыторыі? І пры гэтым так паказаць Беларусь, каб не адштурхнуць ад яе?

— З назвы праекту вынікае, што ён разьлічаны найперш на замежнікаў. Але вы прапаноўваеце «прыехаць» у Беларусь найперш самім беларусам?

— У нас сапраўды дзьве мэтавыя аўдыторыі. З аднаго боку, гэта замежнікі, якія прыяжджаюць у Беларусь на некалькі дзён. З другога — самі беларусы. І тыя, хто ня ведае, дзе правесьці выходныя, і тыя, хто прымае замежных гасьцей.

Чым больш чалавек падарожнічае і цікавіцца іншымі краінамі, тым больш ён адкрыты, тым больш ён пачынае цікавіцца Беларусьсю і шанаваць яе.

Чым больш чалавек падарожнічае і цікавіцца іншымі краінамі, тым больш ён адкрыты, тым больш ён пачынае цікавіцца Беларусьсю і шанаваць яе.

Я вельмі часта чую ад мясцовых, што ў нас няма на што глядзець. Але справа, думаю, ня ў гэтым. Ці ёсьць вам што расказаць, акрамя бясконцых крыўдаў. Ці шукалі вы інфармацыю? Ці вы самі па сабе цікаўны чалавек?

У віцебскім бары

У віцебскім бары

Беларусы — вельмі добрыя людзі, але ім не хапае ўпэўненасьці ў сабе. Па сваіх знаёмых я заўважаю такую цікавую тэндэнцыю: чым больш чалавек падарожнічае і цікавіцца іншымі краінамі, тым больш ён адкрыты, тым больш ён пачынае цікавіцца Беларусьсю і шанаваць яе. І тым цікавей ён можа пра сваю краіну расказаць астатнім.

Гэта своеасаблівая прыкмета сучаснага адукаванага чалавека. Адкрывацца цяпер, можа, нават больш істотна, чым калісьці. Але немагчыма прымусіць кагосьці любіць тое, чаго ты сам добра ня ведаеш.

— Слова «падарожжа» найперш асацыюецца з выездам за мяжу. Думаеце, атрымаецца зацікавіць менчукоў вандроўкамі ў Глыбокае і Маладэчна? Што можа прымусіць аматараў турцый, эгіптаў і круізаў па Міжземнамор’і паехаць на выходныя ў Глыбокае?

— Па-першае, любыя дзеяньні, калі чалавек падняўся, сабраў валізку і мае намер даведацца і пабачыць нешта новае для сябе, — гэта ўжо добра. На першым часе, вядома, стымулы павінны быць моцныя, а таксама павінна быць тое, чым можна «казырнуць» перад калегамі.

Гомель, вуліца Савецкая

Гомель, вуліца Савецкая

Але наступае момант, калі пяцізоркавыя гатэлі пачынаюць стамляць. Калі вялікія сталіцы сьвету ўжо зьведаныя. І тады ты задаесься пытаньнем: а хто ж ты сам такі і дзе твае карані? Што ты можаш паказаць і расказаць пра сябе і пра тое, адкуль ты?

Магчыма, тады ты ўзгадаеш, што калісьці ў твайго дзеда быў дамок пад Глыбокім. Паедзеш туды на лета і даведаесься, што дом побач ужо належыць грамадзяніну суседняй краіны. Ён прыехаў на лета з жонкай-кітаянкай. Ён любіць і ведае тваю краіну болей за цябе. Гэта сапраўдная гісторыя маіх сяброў.

— Як даўно ты сама пачала падарожнічаць па Беларусі? Што гэта за падарожжы?

— Я вырасла ў Менску, але мае бацькі вельмі цікавяцца гісторыяй. Таму мы досыць рэгулярна вандравалі. Беларусь невялікая па плошчы, і гэта зручна. Можна напакаваць ежы для пікніка, спыняцца там, дзе падабаецца. Пазьней тое самае мы пачалі рабіць зь сябрамі на выходных.

— Што цябе найбольш узрушае ў падарожжах па Беларусі?

— Узрушае, хутчэй за ўсё, тое, як шмат магчымасьцяў рабіць нешта ў нашай краіне. Як шмат прыгожага і таго, з чым можна працаваць. Амаль у любой нішы ты будзеш першы. Але амаль ніхто гэтым не карыстаецца. Ёсьць толькі купкі энтузіястаў. А самае складанае для іх — нават не сама праца. Самае складанае — змагацца зь бясконцай колькасьцю людзей, якія спрабуюць пераўпэўніць у тым, што ў цябе нічога не атрымаецца. І ўвогуле што нікому нічога тут ня трэба.

Крэатыўная прастора ЦЭХ у Менску

Крэатыўная прастора ЦЭХ у Менску

Узрушае яшчэ і тое, наколькі мы самі нічога ня ведаем пра нашу зямлю і прыроду. Мой фінскі сябра, рэпэр з Хэльсынкі, бязь цяжкасьцяў прыгатуе суп з крапівы і марозіва зь лясных ягад. Чаму ў нас дагэтуль няма даступных і простых рэцэптаў беларускай кухні?

— Назавіце пяць уласных «ўаў»-месцаў у Беларусі.

— Наваградак і мясьціны вакол яго. Мне вельмі падабаецца ўзгорыстая мясцовасьць. Мне нават падаецца, што там час цячэ інакш.

Стары парк у Нясьвіжы — гэта неверагодна магічнае і рамантычнае месца, дзе прыемна «губляцца» і зноў знаходзіцца. Сам па сабе Нясьвіж — адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі.

Мясцовасьць на Глыбоччыне вакол азёраў Доўгае, Шо і асабліва Івесь. Там схавана шмат легендаў і містыкі. Лясы і азёры там асабліва прыгожыя.

Магчыма, гэта банальна, але менская Кастрычніцкая для мяне — «ўаў-месца». Бо гэта месца сілы і актывізму.​

Царква ў Сынкавічах — адна з маіх улюбёных у Беларусі. (Можна яшчэ ўзгадаць стары касьцёл у Косаве, які таксама мае неверагодную атмасфэру, і касьцёл у Ліпнішках як прыклад таго, што вас з пэўнасьцю прыемна зьдзівіць)

Магчыма, гэта банальна, але менская Кастрычніцкая для мяне — «ўаў-месца». Бо гэта месца сілы і актывізму.

— Ужо пасьля павярхоўнага прагляду сайту складаецца пэўны вобраз Беларусі. Гэта шэра-сіняя краіна, дзе поўна прыгожай архітэктуры і модных кавярняў. Так вы самі бачыце Беларусь? Гэта ваша альтэрнатыва вобразу аграгламурнай краіны зь недарэчнымі плякатамі?

— У кожнага свой вобраз Беларусі. Калі казаць пра дызайнэрскую задачу, перада мной яна была ня з простых. Ёсьць такое паняцьце, як візуальная мова. Па рэакцыі, якую мы атрымлівалі апошнім часам, амаль усе водгукі былі: «Ўаў, гэта Беларусь! Крута!» Што цікава, фатаздымкі былі з досыць вядомых і даступных месцаў. Таму пытаньне ў тым, ня што глядзець, а як глядзець і што бачыць. Наша задача была — зрабіць так, каб гэта было каханьне зь першага погляду. Калі ты бачыш некага ўпершыню, пасьля перакідваесься зь ім усяго парай словаў, і ўсё — табе хочацца даведацца пра гэтага чалавека болей, быць зь ім і радавацца разам зь ім.

На вуліцы Кастрычніцкай у Менску

На вуліцы Кастрычніцкай у Менску

Першы крок, як я бачу, — вывучыць гісторыю. Але нам хацелася б ісьці далей, ствараць і апісваць сучаснасьць. Напрыклад, знакаміты швэдзкі дызайн — гэта не пра тое, як жылі швэды 200 гадоў таму. Гэта пра тое, як жыцьцёвыя прынцыпы і векавыя схемы, прырода, асаблівасьці сьвятла і жыцьцеўспрыманьня ўпісаныя ў сучаснасьць. І як яны пастаянна перапрацоўваюцца, каб быць жыцьцяздольнымі. У нас яшчэ ўсё наперадзе. І перад намі ўсімі цікавая задача: асэнсаваць гэта ўсё і стварыць сваё сучаснае бачаньне Беларусі.

— Цяпер па ўсёй краіне праходзяць галодныя бунты — «маршы недармаедаў». Людзі як ніколі зьбяднелыя. Не баіцеся, што цяпер не зусім дарэчны момант запускаць такі праект?

Паспрабуйце забараніць 20-гадоваму сядзець на прыступках будынка. Вы пабачыце, што ён забароны проста не зразумее, таму што гэта глупства.

— Наадварот. Цяпер як ніколі важна паказваць беларусам, што гэтая краіна належыць ім самім. Многія дасюль жывуць з адчуваньнем «калгаснасьці», людзі не ўсьведамляюць, што такое ўласнасьць. Але, на шчасьце, моладзь ужо не такая. Паспрабуйце забараніць 20-гадоваму сядзець на прыступках будынка. Вы пабачыце, што ён забароны проста не зразумее, таму што гэта глупства.

Пакуль мы не зразумеем межы свайго і не адчуем, што краіна і яе прастор належаць нам, мы ня зможам прасунуцца далей за тое, што маем. Праехацца і пабачыць стан таго, на што ідуць твае падаткі. Пазнаёміцца зь людзьмі, якія намагаюцца нешта зрабіць лепей. Завесьці кантакты з фэрмэрамі і бабулямі, каб езьдзіць да іх на выходных па яйкі, малако і маліны-суніцы.

Касьцёл у Нясьвіжы

Касьцёл у Нясьвіжы

Гэта ўсё пра людзей і пра тое, каб яны былі бліжэй адзін да аднаго. Беларуская супольнасьць толькі нараджаецца, і адна з нашых задач — стымуляваць яе. Нараджаецца і невялікі прыватны бізнэс, якому вельмі складана атрымліваць крэдыты на разьвіцьцё. А бяз грошай і падтрымкі немагчыма разьвівацца. Калі вы вырашыце наведаць маленькі прыватны музэй — гэта ўжо значная падтрымка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG