Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў на волю былы палітвязень Мікола Дзядок


Мікола Дзядок, архіўнае фота

«Здаровенька, сябры! Я ізноў з вамі! Вызваліўся сёньня. Дзякуй усім, хто падтрымліваў і турбаваўся. Сам у норме, здароўе ў парадку, бадзёрасьць духу — на належным узроўні. Вечарынка працягваецца», — павітаў актывіст аднадумцаў у сацыяльных сетках.

25 сакавіка Мікола Дзядок падчас затрыманьня быў моцна зьбіты і з траўмай галавы трапіў у шпіталь, дзе яго сьцераглі міліцыянты. 29 сакавіка перад выпіскай яму ўручылі пратакол аб удзеле ў несанкцыянаванай акцыі і са шпіталя павезьлі ў суд.

У той жа дзень у судзе Партызанскага раёну Менску адбыўся апошні працэс па справе ўдзельнікаў Дня Волі. Судзьдзя Неўмяржыцкі асудзіў былога палітвязьня на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

На судзе Дзядок віны не прызнаў і заявіў, што мае права на выказваньне сваіх поглядаў падчас мірнага сходу.

Назіральнікі за працэсам адзначылі, што ў прызначаны судом тэрмін не ўвайшлі 4 дні, якія Мікалай Дзядок прабыў фактычна пад вартай у шпіталі.

Мікола Дзядок — сябра арганізацыі беларускіх анархістаў. 3 верасьня 2010 году быў затрыманы ў якасьці падазраванага па справе «Аб нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі». Справа развалілася, абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ля будынку Генштабу. Выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «хуліганства».

27 траўня 2011 году Заводзкі суд Менску асудзіў Дзядка на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Па справе таксама праходзілі Ігар Аліневіч (асуджаны на 8 гадоў) і Аляксандар Францкевіч (3 гады). 4 сьнежня 2012-га суд пастанавіў накіраваць Дзядка ў крытую турму за «парушэньні дысцыпліны». У кастрычніку 2011-га праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт прызналі Аліневіча, Дзядка і Францкевіча палітычнымі зьняволенымі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG