Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў з турмы Вячаслаў Сіўчык, прэвэнтыўна затрыманы перад Днём Волі


Вячаслаў Сіўчык, архіўнае фота
Вячаслаў Сіўчык, архіўнае фота

Пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю лідэр руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Ён быў затрыманы 23 сакавіка падчас жалобнай цырымоніі на пахаваньні свайго дзядзькі, яго забралі проста з аўтобусу, які ехаў на могілкі пад Менскам.

Як расказалі сьведкі здарэньня, невядомыя людзі ў чорным схапілі актывіста, зьбілі, запхнулі ў аўтамабіль і вывезьлі ў невядомым кірунку.

У той жа дзень суд Цэнтральнага раёну разгледзеў адміністрацыйную справу паводле ч. 3 артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу і пакараў Вячаслава Сіўчыка арыштам на тэрмін 15 сутак за ўдзел у мітынгу ў Курапатах.

Пасьля выхаду з турмы апазыцыйны палітык выказаў удзячнасьць усім, хто не пабаяўся міліцэйскага гвалту і выйшаў 25 сакавіка адсьвяткаваць Дзень Волі:

«Удзячны кожнаму, хто ў Дзень Волі быў на вулічнай акцыі ў Менску. Удзячны кожнаму, хто ў іншых гарадах Беларусі выйшаў сьвяткаваць Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі. Вялікая падзяка ўсім, хто ўдзельнічаў у вулічных акцыях 25 сакавіка ў іншых краінах сьвету. Асаблівая пашана тым людзям, якія незаконна былі кінуты за краты і 25 сакавіка сустрэлі ў зьняволеньні».

Асобна Вячаслаў Сіўчык падзякаваў неабыякавым беларусам, якія падтрымлівалі яго ў зьняволеньні:

«Вялікая падзяка ўсім, хто хваляваўся за мяне падчас майго апошняга арышту. Я адчуваў вашую падтрымку. Я на волі! Салідарнасьць беларусаў і ўсіх нашых прыяцеляў ва ўсім сьвеце вельмі яскрава праявілася ў гэтую вясну. Гэта дае шанец беларускай нацыі перамагчы. Будзьма разам! Жыве Беларусь!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG