Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мяняе міжнародную сытуацыю ракетны ўдар ЗША па сырыйскай авіябазе


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевічі і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Ранкам у пятніцу 7 красавіка Злучаныя Штаты нанесьлі ўдар крылатымі ракетамі «Тамагаўк» па вайскова-паветранай базе Шэйрат у правінцыі Хомс, якая выкарыстоўваецца сырыйскай арміяй.

Гэты ўдар быў зроблены ў адказ на прымяненьне сырыйскай авіяцыяй хімічнай зброі супраць мірных жыхароў у правінцыі Ідліб 4 красавіка. Тады загінулі 72 чалавекі. Сырыйскія ўлады адмаўляюць прымяненьне зброі.

Расея таксама выступіла з пратэстам супраць цяперашніх дзеяньняў ЗША. Яна тлумачыць газавую атаку тым, што, маўляў, сірыйская авіяцыя разбамбіла склады з хімічнай зброяй, якая належала баевікам.

Нагадаю, што хімічная зброя была выкарыстана ў Сырыі ў 2013 годзе, тады таксама міжнародная супольнасьць абвінаваціла ў гэтым рэжым Асада. І тады ЗША таксама зьбіраліся нанесьці ўдары па Сырыі. Але ў апошні момант удалося дасягнуць дамоўленасьці з Расеяй, і пад кіраўніцтвам ААН хімічная зброя была выведзеная з Сырыі і нэўтралізаваная.

Гэтая ракетная атака ЗША будзе мець важныя міжнародныя наступствы. Напрыклад, на 2% павысілася цана на нафту.

У адрозьненьне ад нерашучага Абамы, Трамп больш як да трох ня лічыць.

Гэтая атака стала першым крокам цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі, які сьведчыць пра новы стыль ЗША ў міжнароднай палітыцы. Галоўная яго асаблівасьць — гэта рашучасьць. У адрозьненьне ад нерашучага Абамы, Трамп больш як да трох ня лічыць (нагадаю, пасьля сырыйскай хімічнай атакі прайшло тры дні). Ніякага 1050-га «кітайскага папярэджаньня».

Ён дэманструе, як ён на самой справе разумее амэрыканскае лідэрства, статус вялікай дзяржавы. Гэта ў нечым вяртаньне да тактыкі адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага.

Дарэчы, ён паабяцаў пакласьці канец Ісламскай дзяржаве. І ягоныя дзеяньні сьведчаць, што ў замежнай палітыцы ён слоў на вецер ня кідае. Ракетная атака рэзка абвастрае расейска-амэрыканскія адносіны. Расея прыпыніла дамову з ЗША аб прадухіленьні інцыдэнтаў і бясьпецы палётаў у Сырыі.

Cьмешна выглядае тая эўфарыя, якая панавала ў Расеі пасьля перамогі Трампа, якога там мелі за прарасейскага.

На гэтым тле сьмешна выглядае тая эўфарыя, якая панавала ў Расеі пасьля перамогі Трампа, якога там мелі за прарасейскага. Цяпер «крутому» Пуціну будзе супрацьстаяць «круты» Трамп. І якраз у Сырыі інтарэсы ЗША і РФ могуць сутыкнуцца.

Існуе супярэчлівая інфармацыя наконт таго, ці папярэдзілі ЗША Расею пра сваю ракетную атаку на сырыйскую авіябазу. Добра, што там не аказалася расейскіх вайскоўцаў.

Так што сьвет уступае ў пэрыяд вострай турбулентнасьці.

Цыганкоў: Гэтая падзея — лягічны працяг таго замежнапалітычнага курсу, які ўжо пачаў прадстаўляць Дональд Трамп.

Многія вельмі шмат казалі пра непрадказальнасьць замежнай палітыкі Трампа, зыходзячы зь ягоных незвычайных замежнапалітычных заяў. Але тады ж аналітыкі пасьпяхова даводзілі, што Трамп за апошнія 20–30 гадоў сваёй актыўнай публічнай дзейнасьці, калі ён ужо выказваўся па палітычных праблемах, усё-ткі мае пэўную карціну сьвету. І ў ёй яго разуменьне ролі Амэрыкі бліжэйшае да таго, якое было ў папярэдніка Барака Абамы Джорджа Буша-малодшага, а не самога Абамы і дзяржсакратароў ягонай адміністрацыі Гілары Клінтан і Джона Керы.

Трамп сапраўды лічыць, што любое занадта мяккае стаўленьне Амерыкі да крытычных момантаў замежнай палітыкі ідзе на шкоду амэрыканскаму іміджу і інтарэсам ЗША. Таму гэтыя дзеяньні — ня нейкая нечаканасьць, а даволі лягічны працяг курсу замежнай палітыкі Трампа.

Дагэтуль была парадаксальная сытуацыя, калі ЗША нават ня ўдзельнічалі ў некаторых перамовах па Сырыі.

Усе наступствы цяпер немагчыма прадбачыць, але галоўнае, чаго многія ад Амэрыкі чакалі яшчэ ў прэзыдэнцтва Барака Абамы — тое, што Амэрыка актыўна ўмешваецца ў сырыйскі канфлікт. Дагэтуль была парадаксальная сытуацыя, калі ЗША нават ня ўдзельнічалі ў некаторых перамовах па Сырыі. Краіна, самая магутная эканамічна і палітычна, не рэагавала актыўна на сытуацыю ў краіне, якая знаходзілася ў сфэры яе палітычных інтарэсаў. І гэта, безумоўна, было ненармальна.

Калі часам Амэрыку абвінавачваюць, што яна ўмешваецца ў некаторыя міжнародныя справы, то тут часьцей яе папракалі — чаму ЗША не ўмешваюцца ў сытуацыю? Многія міжнародныя назіральнікі вырашылі, што без умяшаньня ЗША вырашыць сырыйскі канфлікт будзе немагчыма.

Цяпер, калі ЗША абазначылі сваю прысутнасьць у гэтым канфлікце, інтарэсы і імкненьне паўплываць на яго вырашэньне, ствараецца кардынальна новая сытуацыя.

Глод: Ну вось увесь сьвет і пабачыў, што Дональд Трамп часоў кандыдата ў прэзыдэнты і цяпер — розныя людзі. Раптоўны ўдар па сырыйскай авіябазе, безумоўна, адзначыў рэзкі разварот у палітыцы Трампа. Летась той падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі ня раз выступаў супраць уцягваньня Злучаных Штатаў у канфлікты на Блізкім Усходзе. Ён казаў, што ў Сырыі будзе змагацца з «Ісламскай дзяржавай», а ня супраць Башара Асада.

Што ж вымусіла прэзыдэнта ЗША кардынальна перагледзець сваю пазыцыю? Прычыну патлумачыў сам Трамп, калі зьвярнуўся да грамадзян ЗША праз тэлебачаньне. Ён сказаў, што «Сырыйскі дыктатар Башар аль-Асад учыніў жудасны напад з ужываньнем хімічнай зброі на нявінных цывільных асобаў».

Напярэдадні атакі Трамп казаў, што Асад мусіць пакінуць сваю пасаду, а дзяржсакратар ЗША заявіў, што «Асад страціў права кіраваць народам Сырыі».

Хто б што ні казаў пра падзеі ў Сырыі, трэба прызнаваць — там адбываецца грамадзянская вайна. Вядома, найлепшы варыянт вырашэньня сырыйскага канфлікту — гэта ўсталяваньне больш трывалага рэжыму на аснове палітычных кампрамісаў.

Cырыйскі крызіс ня будзе вырашаны да таго часу, пакуль ня будзе знойдзены адказ на галоўнае пытаньне: што будзе з Асадам?

Сырыйскую тэму ў праграме «Трайны ўдар» мы абмяркоўвалі, памятаю, у сьнежні мінулага году. І тады я казаў, што сырыйскі крызіс ня будзе вырашаны да таго часу, пакуль ня будзе знойдзены адказ на галоўнае пытаньне: што будзе з Асадам? Сырыйскі дыктатар, і пра гэта ведае ўвесь сьвет, трымаецца пры ўладзе толькі дзякуючы вайсковай дапамозе Ірану, Расеі і праіранскай групоўкі «Хэзбала». Для іх сыход Асада быў бы прызнаньнем уласнай паразы. Асабліва гэта непрымальна для Пуціна. Да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі застаецца ўсяго адзін год, і адстаўка Асада істотна паўплывае ў нэгатыўным сэнсе на рэйтынг расейскага кіраўніка.

Шмат якія краіны ўжо падтрымалі рашэньне Дональда Трампа. І толькі Масква і Тэгеран асудзілі. Прынамсі, старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін назваў Злучаныя Штаты «сусьветным жандарам».

Адзінае, што можа парадаваць Крэмль у гэтай сытуацыі, — скачок цэнаў на нафту пасьля авіяўдару, пра што ўжо згадваў Валер Карбалевіч. Так, нафта маркі Brent на біржы ў Лёндане пачала каштаваць больш як 56 даляраў за барэль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG