Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер Швэцыі: Краіна стала ахвярай тэрарыстычнага нападу


Паліцыя зьняпраўдзіла ранейшае паведамленьне пра затрыманьне падазраванага пасьля наезду на людзей у Стакгольме.

Паводле дадзеных паліцыі, у выніку наезду грузавіка на людзей у цэнтры Стакгольму загінулі прынамсі тры чалавекі і шмат параненых.

Швэдзкая паліцыя шукае чалавека, які быў за стырном грузавіка, і апублікавала фота з камэры назіраньня, на якім відаць мужчыну ў белым швэдры, цёмнай кофце з капюшонам і зялёнай вайсковай куртцы.

Паліцыя таксама паведаміла, што дапытвае двух чалавек у сувязі з нападам, але папярэдзіла, што яны неабавязкова зьяўляюцца падазраванымі.

Беларуска Лана Руднік апынулася побач зь месцам здарэньня. «Бачылі паніку, мноства напалоханых людзей, якія імчалі праз гандлёвы цэнтар на вуліцу,» — расказала яна карэспаднэнту Радыё Свабода.

«Крычалі ці то пра выбух ці то пра моцны ўдар. Потым маладая пара, якая была ці не на той вуліцы, распавяла, што там грузавік уехаў у людзей і там шмат целаў ляжыць на вуліцы.

Дзяўчына была ў страшным шоку і не магла гаварыць, распавядаў хлапец (не ведаю, ці сам ён бачыў, ці са словаў дзяўчыны). Адразу ж загучалі і пэрыядычна цяпер гучаць сырэны хуткай і паліцыі, у небе над цэнтрам верталёт».

Швэдзкі бровар Spendrups паведаміў, што раней сёньня быў выкрадзены грузавік, які належыць гэтай кампаніі.

Паліцыя паведамляе, што інцыдэнт адбыўся на адной з самых ажыўленых пешаходных вуліц гораду — Дротнінгатан.

***

Хваля тэрору ў Заходняй Эўропе 2015-2017

13-14 лістапада 2015, Парыж і Сэн-Дэні (Францыя). Сэрыя скаардынаваных нападаў на працягу 35 хвілінаў адбылася ў шасьці розных месцах у Парыжы. Першая страляніна пачалася ў рэстаране і бары ў 10-ай акрузе Парыжу. Пасьля была страляніна і выбух бомбы падчас рок-канцэрту ў тэатры «Батаклян» у 11-ай акрузе. Было ўзята каля 100 закладнікаў, усяго загінула 89 чалавек. Іншыя бомбы выбухнулі ў раёне стадыёну «Стад дэ Франс» у парыскім прадмесьці Сэн-Дэні падчас футбольнага матчу Францыя – Нямеччына.

22 сакавіка 2016, Брусэль і Завэнтэм (Бэльгія). Раніцай у аўторак 22 сакавіка выбухнулі тры бомбы, начыненыя цьвікамі – дзьве на брусэльскім лётнішчы ў Завэнтэме і адна на станцыі мэтро Мальбэк. Падчас нападаў загінулі 32 чалавекі і трое нападнікаў.

14 ліпеня 2016, Ніца (Францыя). Увечары 14 ліпеня 19-тонны грузавік уехаў у натоўп людзей, якія адзначалі нацыянальнае сьвята Францыі – Дзень узяцьця Бастыліі – на Ангельскай набярэжнай у Ніцы, у выніку чаго загінула 86 чалавек.

19 сьнежня 2016, Бэрлін (Нямеччына). 12 чалавек загінула ў выніку таго, што грузавік уехаў у натоўп людзей на Калядным кірмашы ў Бэрліне. Празь некалькі дзён нападнік, які ўцёк у Італію, застрэліў італьянскага паліцыянта падчас звычайнай праверкі, пасьля чаго быў забіты паліцыянтамі.

22 сакавіка 2017, Лёндан (Вялікабрытанія). 5 людзей загінула, калі нападнік пераехаў мінакоў на мосьце Вэстмінстэр, а пасьля ўдарыў нажом паліцыянта каля будынку Парлямэнту.

Адказнасьць за ўсе гэтыя тэрарыстычныя акты ўзяла на сябе арганізацыя «Ісламская дзяржава».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG