Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Сі Цзіньпін праводзяць першы саміт


Старшыня КНР Сі Цзіньпін (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у рэзыдэнцыі Трампа Мар-а-Лага

Афіцыйныя перамовы пройдуць у рэзыдэнцыі прэзыдэнта ЗША ў Флорыдзе ў пятніцу.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у чацьвер прыняў у сваёй рэзыдэнцыі ў Флорыдзе старшыню КНР Сі Цзіньпіна, які прыбыў сюды з двухдзённым візытам. Падчас гэтага саміту амэрыканскі лідэр спадзяецца пераканаць Пэкін прыкласьці больш намаганьняў для стрымліваньня ядзерных амбіцыяў КНДР.

Дональд Трамп заявіў, што не дабіўся ад старшыні КНР Сі Цзіньпіна «нічога, абсалютна нічога», аднак выказаў меркаваньне, што ў будучыні паміж дзьвюма вядучымі дзяржавамі складуцца «вельмі добрыя адносіны».

Выступаючы ў чацьвер на прыёме, які ён зладзіў для кітайскага лідэра пасьля доўгіх перамоваў, Трамп сказаў, што паміж імі хутка «завязалася сяброўства», дадаўшы: «У доўгатэрміновай пэрспэктыве ў нас будуць вельмі і вельмі добрыя адносіны, і я з нецярпеньнем гэтага чакаю».

Пакуль журналісты прысутнічалі ў сталовай асабняка, Сі Цзіньпін ніякіх камэнтароў не даваў, а Трамп адмовіўся адказваць на пытаньні пра Сірыю і Паўночную Карэю.

Раней Трамп і чальцы яго адміністрацыі выказвалі надзею, што ім удасца пераканаць Кітай прыкласьці больш намаганьняў для стрымліваньня ядзерных амбіцыяў Паўночнай Карэі.

Выступаючы перад журналістамі на борце свайго самалёта, Трамп сказаў, што адной з галоўных тэмаў перамоваў стане гандлёвы дэфіцыт з Кітаем, які складае каля 310 мільярдаў даляраў.

«З намі абыходзіліся несправядліва, мы шмат гадоў заключалі жудасныя гандлёвыя пагадненьні з Кітаем. Гэта адна з тэмаў, якія мы будзем абмяркоўваць», — сказаў ён.

Мяркуючы па ўсім, Трамп увязвае гэтае пытаньне з турботай з нагоды ядзернай праграмы КНДР.

«Іншай тэмай, вядома, стане Паўночная Карэя, і яны нейкім чынам зьвязаныя. Рэальна зьвязаныя. Так што мы пагаворым пра гандаль, пра Паўночную Карэю і яшчэ шмат пра што», — дадаў прэзыдэнт, не ўдаючыся ў дэталі.

У пятніцу ў лідэраў дзьвюх краінаў заплянаваны рабочы ланч.

На гэтым тыдні Трамп, не паведамляючы дэталяў, папярэдзіў: «Калі Кітай ня вырашыць паўночнакарэйскую праблему, гэта зробім мы». Яго адміністрацыя разглядае магчымасьць увядзеньня санкцыяў супраць кітайскіх банкаў і кампаніяў, якія даюць Пхэньяну доступ да міжнароднага фінансаваньня. Амаль усё паліва, імпартныя харчовыя прадукты, спажывецкія тавары і сыравінныя матэрыялы для ядзернай праграмы КНДР атрымлівае з Кітая.

Трамп і Сі Цзіньпін, якія прадстаўляюць дзьве найбуйнейшыя эканомікі сьвету, сустрэліся ўпершыню. У чацьвер у іх адбылася вячэра з жонкамі ў рэзыдэнцыі Трампа Мар-а-Лага, а сёньня пройдуць перамовы.

У чацьвер прэзыдэнт казаў, што ня ўпэўнены, як пройдзе саміт, заявіўшы ў інтэрвію Fox News: «Што ж, гэта будзе цікава. Ніхто ня ведае, што будзе».

Як чакаецца, двое лідэраў таксама абмяркуюць пытаньні гандлю, асабліва няроўнасьць у двухбаковым гандлі: кожны год у ЗША паступае значна больш кітайскіх тавараў, чым амэрыканскіх ў Кітай. Гандлёвы дэфіцыт ЗША з Кітаем у 2016 годзе склаў 310 мільярдаў даляраў.

На мінулым тыдні Трамп напісаў у «Твітэры», што сустрэча ў Мар-а-Лага «будзе вельмі складанай у тым пляне, што мы ня можам і далей цярпець велізарны гандлёвы дэфіцыт і страту рабочых месцаў».

Паводле прагнозаў з Пэкіну адносна саміту, Сі Цзіньпін можа прапанаваць ЗША павялічыць кітайскія інвэстыцыі, што прывядзе да стварэньня ў Амэрыцы новых працоўных месцаў, а гэта было адным з ключавых перадвыбарных абяцаньняў Трампа.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG