Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі гэта нявыгадна, то каму патрэбны нейкі саюз? Лукашэнка ў інтэрвію «Міру»


Аляксандар Лукашэнка 3 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу

6 красавіка Аляксандар Лукашэнка даў вялікае інтэрвію міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір». Як паведамляе прэзыдэнцкая прэсавая служба, тэлевэрсію пакажуць заўтра ў вечаровым эфіры.

Асноўная тэма гутаркі — перамовы 3 красавіка з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, азмрочаныя выбухам у пецярбурскім мэтро.

«Кожная краіна, якая ўдзельнічае ў інтэграцыйных абʼяднаньнях, шукае для сябе выгаду, — патлумачыў Лукашэнка сутнасьць разыходжаньняў з Масквой у „саюзнай дзяржаве“. — Аднак да гэтага дзяржавы павінны падыходзіць асьцярожна. Выгада не павiнна быць за кошт твайго суседа. Табе выгадна дзесьці, яму таксама дзесьці выгадна, у нечым ты саступаеш, у нечым ён. Але выгада — гэта абавязкова. Калі гэта нявыгадна, як бы гэта мэркантыльна ні гучала, то каму патрэбны нейкі саюз і нейкія крокі ў гэтым кірунку? Расея сваю выгаду шукае, беларусы і казахі сваю, і гэтак далей. Мы знайшлі тыя пытаньні, дзе будзе выгадна. Гэта перш за ўсё эканоміка».

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што ў некаторых абʼяднаньнях паміж краінамі склаліся блізкія адносіны, у іншых — менш цесныя. Гэтыя працэсы ён назваў «рознаўзроўневай інтэграцыяй»:

«Дарэчы, Эўрапейскі Зьвяз цяпер гэтую тэрміналёгію пачынае выкарыстоўваць. Там утвараецца больш прагрэсіўнае абʼяднаньне, група буйных дзяржаў, каб за сабой пацягнуць астатнія. І ўжываюць ужо такую тэрміналёгію — рознаўзроўневая інтэграцыя. Так і ў нас атрымалася. Той, хто хацеў застацца ў СНД, застаўся. Хтосьці захацеў выйсьці, як Грузія, — выйшлі. Хтосьці фактычна прыпыніў свой удзел у СНД, і то не назаўсёды, часам прыяжджаюць на пасяджэньні прадстаўнікі Ўкраіны. Але мы дамовіліся, што гэтую пляцоўку нельга губляць», — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Лукашэнка адзначыў, што перад сустрэчай у Санкт-Пецярбургу бакі карпатліва рыхтаваліся, каб зьняць усе вострыя супярэчнасьці:

«Былі гатовыя спрачацца, каб расьсекчы гэты гордзіеў вузел», — сказаў ён.

Але тэракт у мэтро адсунуў усе спрэчкі на задні плян.

«Мы зразумелі сапраўдную каштоўнасьць у гэтым жыцьці. Што такое спрэчкі па нафце, па газу, калі нечакана ў цябе пад носам адбываецца тэракт і гінуць людзі, якіх мы павінны абараніць?».

Пасьля гэтага, па словах Лукашэнкі, самі сабой на першы плян выйшлі пытаньні бясьпекі і абароны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG