Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская апазыцыя заклікала аднавіць стары фармат праграмы Каліноўскага


Польскі Сэйм, ілюстрацыйнае фота
Польскі Сэйм, ілюстрацыйнае фота

У Польскім Сэйме (ніжняй палаце парлямэнту) прайшла канфэрэнцыя дэпутатаў партыі «Грамадзянская плятформа» ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі. Дэпутаты адзначылі, што рэакцыя польскага МЗС на падзеі ў Беларусі была недастатковай, а таксама расказалі польскім СМІ пра беларускую хвалю рэпрэсіяў, перадае «Радыё Рацыя».

Сярод іншага, дэпутат ад «Плятформы» Робэрт Тышкевіч заклікаў урад тэрмінова аднавіць ранейшыя ўмовы праграмы імя Кастуся Каліноўскага для беларускіх студэнтаў:

«Зноў маем сярод беларускіх студэнтаў тых, каго перасьледуюць, — перадае „Рацыя“ словы Тышкевіча. — Таму зьвяртаемся да міністра адукацыі і польскага ўраду, каб была вернутая праграма Каліноўскага ў такім выглядзе, як яна функцыянавала ў часы нашага кіраваньня, а менавіта адрасаваная звычайным студэнтам беларускіх навучальных устаноў, адкуль іх адлічылі і перасьледуюць».

Таксама Тышкевіч згадаў пра рэпрэсіі супраць беларускіх журналістаў і заклікаў улады Польшчы неадкладна забясьпечыць стабільнае і надзейнае фінансаваньне тэлеканалу «Белсат» (зь менскіх офісаў якога нядаўна канфіскавалі тэхніку).

Пра аднаўленьне праграмы Каліноўскага раней вялі гаворку з польскімі сэнатарамі чальцы беларускага Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць». Адзін з заснавальнікаў праграмы, яе дырэктар Ян Маліцкі, казаў у мінулым верасьні, што праграма «верне ранейшы фармат, калі пачнуцца новыя рэпрэсіі».

Лібэральна-кансэрватыўная «Грамадзянская плятформа» мела большасьць у польскім парлямэнце да 2011 году, калі заняла другое месца пасьля эўраскептыкаў «Права і справядлівасьць». Сузаснавальнік «Плятформы» Дональд Туск быў прэм’ер-міністрам Польшчы ў 2007-2014 гадах, цяпер займае пасаду старшыні Эўрапейскай рады.

Праграма Каліноўскага была адкрытая ў 2006 годзе. Дзякуючы ёй беларускія студэнты, адлічаныя за актыўную дзейнасьць падчас прэзыдэнцкай кампаніі, змаглі працягнуць навучаньне ў Польшчы. У наступныя гады пад яе траплялі і іншыя адлічаныя студэнты зь ліку грамадзкіх актывістаў. Аднак летась праграма зьмяніла характар. Цяпер гэта пасьлядыплёмная стыпэндыя для тых, хто ўжо атрымаў вышэйшую адукацыю ў Беларусі.

Студэнтаў у Беларусі пачалі адлічваць за ўдзел у «Маршах недармаедаў», у ліку адлічаных старшыня «Моладзі БНФ» — яму казалі, што ён «раздае шмат інтэрвію», выключылі пасьля пратаколу зь міліцыі за ўдзел у абароне Курапатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG