Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і ўсе іншыя, мая унівэрсытэцкая група аднойчы здавала залік па ідэалёгіі. На шчасьце, на працягу сэмэстру выкладчыца канцэнтравала сваю і нашую ўвагу не на «беларускім сацыяльна-эканамічным цудзе», а на тэорыі ідэалёгіі і гісторыі асноўных палітычных ідэалёгій. Не было фармалізму і ціску, не было падзелу на правільныя і няправільныя рухі.

Залік мы здавалі ў вуснай форме, і трэба было зрабіць міні-даклад па адным з прапанаваных пытаньняў. Каб зрабіць той даклад, патрабаваліся ня столькі веды, здабытыя на працягу сэмэстру, колькі элемэнтарная здольнасьць знаходзіць відавочныя сувязі паміж простымі зьявамі.

Але адзін чалавек ня здаў той залік зь першага разу — ён так і ня здолеў сказаць, якія праявы дзяржаўнай ідэалёгіі відаць з вакна аўдыторыі. Ад яго не патрабавалі ідэалягічнага разбору фэномэну «чыстых вуліц». Было дастаткова сказаць пра білборды з сацыяльнай рэклямай.

Выпадковыя студэнткі і студэнты — не выключэньне, а хутчэй правіла беларускіх унівэрсытэтаў.

Выпадковыя студэнткі і студэнты (як той мой аднагрупнік) — не выключэньне, а хутчэй правіла беларускіх унівэрсытэтаў. Гэта людзі, якія падавалі дакумэнты туды, куды маглі прайсьці па балах, і зусім ня думалі пра сутнасьць спэцыяльнасьці. Гэта тыя, хто хоча «проста мець корачку», і тыя, хто ня хоча ў армію. Яны ствараюць незацікаўленую і нематываваную масоўку, якую часта наўпрост забараняюць адлічваць, бо гэтая масоўка плаціць за навучаньне.

Праблем у сучаснай беларускай вышэйшай адукацыі шмат, і большасьць зь іх цяжка вырашыць, бо яны маюць комплексны характар. Але адну рэч зьмяніць досыць проста: пры паступленьні абітурыенткі і абітурыенты мусяць здаваць ня толькі цэнтралізаванае тэставаньне, але і ўнутраны іспыт, непасрэдна зьвязаны з профілем навучаньня. І гэты іспыт павінен, перш за ўсё, паказваць творчы патэнцыял асобы.

Гэта можа быць эсэ, агульны плян «раскруткі» кампаніі, лёзунг для сацыяльнай рэклямы, вусная ці пісьмовая прэзэнтацыя прадукту (мэдыкамэнт, лазэр, канапа, праект будынка). Гэта могуць быць нават экспрэс-дэбаты, галоўнае — іспыт мусіць паказаць рэальную зацікаўленасьць чалавека ў спэцыяльнасьці.

Для адэкватнай ацэнкі цяперашніх абітурыентак і абітурыентаў іх трэба вывесьці па-за шаблёны тэстаў.

Мяне могуць крытыкаваць за тое, што прапанаваны падыход пасуе нібыта толькі для гуманітарных спэцыяльнасьцяў, але я ўпэўнена, што ён можа быць прыдатным для ўсіх без выключэньняў. Па-першае, усё часьцей адкрыцьці адбываюцца ў межах міждысціплінарных дасьледаваньняў, і падзел на гуманітарныя і негуманітарныя навукі становіцца ўсё больш складаным. Па-другое, для адэкватнай ацэнкі цяперашніх абітурыентак і абітурыентаў іх трэба вывесьці па-за шаблёны тэстаў.

Цэнтралізаванае тэставаньне добра паказвае здольнасьць чалавека засвойваць інфармацыю, але амаль нічога не кажа пра крэатыўны патэнцыял, які неабходны сёньня для сапраўднай прафэсійнай пасьпяховасьці.

Каб здаць на 100 балаў цэнтралізаванае тэставаньне па грамадазнаўстве, трэба вывучыць на памяць усе школьныя падручнікі па прадмеце. Гэта як вучыць верш на ўрок літаратуры, толькі аб’ёмы іншыя, а ні рыфмы, ні рытму, ні паэтычнасьці няма.

Мінімальныя балы, якія трэба набраць на тэстах, увогуле вельмі нізкія. Тыя ж фізыку і матэматыку трэба напісаць мінімум на 15 балаў са 100, калі гэта так званы першы профільны прадмет, і прынамсі на 10 балаў, калі гэта другая профільная дысцыпліна. Безумоўна, гэтыя лічбы мусяць быць вышэйшымі.

Шмат на якіх спэцыяльнасьцях я прапанавала б увогуле замяніць на творчы іспыт абавязковае сёньня тэставаньне па адной з дзяржаўных моваў. У 2017 годзе на ЦТ па беларускай ці расейскай мове трэба набраць ня менш за 10 балаў (для філялягічных спэцыяльнасьцяў ня менш за 20 балаў), каб мець магчымасьць паступіць ва ўнівэрсытэт.

Калі Міністэрства адукацыі лічыць, што дзесяці набраных балаў са ста — дастаткова, каб лічыць чалавека пісьменным, дык такі тэст лепей проста не праводзіць.

Калі Міністэрства адукацыі лічыць, што дзесяці набраных балаў са ста — дастаткова, каб лічыць чалавека пісьменным, дык такі тэст лепей проста не праводзіць: будзе эканомія часу і грошай. Але спэцыялізаваны ўнутраны іспыт пакажа ня толькі зацікаўленасьць і матываванасьць, але і здольнасьць пасьлядоўна выказваць свае думкі, што, я ўпэўнена, у большасьці выпадкаў значна важней за здольнасьць правільна пісаць словы-выключэньні з правілаў.

Стандартызацыя пры паступленьні і навучаньні безумоўна дапамагае пазьбегнуць шэрагу памылак і непатрэбнага суб’ектывізму. Але унівэрсытэт — гэта ня фабрыка па падрыхтоўцы сацыяльных машын. І «сьляпы адбор» тут не заўжды карысны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG