Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт папрасіў зьняць зь яго абавязкі па кантролі за пастаўкамі тавараў зь Беларусі. Сваю заяву Данкверт зрабіў сёньня на міжнародным аграрным форуме «Овощкульт», перадае ТАСС:

«Я папрасіў кіраўніцтва адвесьці мяне ўбок, таму што, можа, я сапраўды шкоднік нейкі. Разьбірайцеся з крымінальнай справай», — сказаў расейскі чыноўнік.

3 лютага Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі і экспэртнай супольнасьцю заявіў, што ў дачыненьні да кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргея Данкверта трэба распачаць крымінальную справу. У адказ на гэта спадар Данкверт рэкамэндаваў навесьці парадак на беларускіх прадпрыемствах.

Сёньня кіраўнік «Рассельгаснагляду» з трыбуны форуму сказаў, што Беларусь у некалькі разоў павялічыла пастаўкі ў Расею шэрагу відаў расьлінаводчай прадукцыі, у тым ліку пладоў інжыру:

«Буракоў у 3 разы больш, насеннай бульбы — у 1,9 раза, нават інжыр і грыбы шыітаке [— рост] у 3,6 раза», — сказаў Данкверт.

Ён дадаў, што, паводле дадзеных кантрольных пунктаў ведамства на мяжы зь Беларусьсю, пастаўкі харчовай бульбы ў Расею ў студзені-сакавіку 2017 году вырасьлі ў гадавым вылічэньні ў 2,6 раза, морквы — у 2,3 раза, капусты — у 3,4 раза, цыбулі — у 15,4 раза.

«Яны прадугледзелі, у мінулым годзе вырасьцілі больш цыбулі, каб нам паставіць сюды. Гэта значыць, яны ведалі, чаго ў нас ня будзе хапаць у першым квартале», — сказаў Данкверт.

Што тычыцца магчымага новага куратара гандлю зь Беларусьсю, то ім можа стаць Яўген Непаклонаў. З 2011 году ён быў намесьнікам кіраўніка «Рассельгаснагляду», а месяц таму яго прызначылі намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі.

7 лютага Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заявіла, што праводзіцца шэраг праверак па дзеяньнях, якія зьмяшчаюць прыкметы дыскрэдытацыі дзелавой рэпутацыі беларускіх прадпрыемстваў. 14 сакавіка ў МУС паведамілі, што праверка ў дачыненьні да Данкверта «цяпер у самым разгары». Сам Данкверт заявіў, што ўстрымаецца ад паездак у Беларусь, а калі і прыедзе, то «толькі з тэлебачаньнем», нягледзячы на запэўніваньні кіраўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леаніда Зайца, што той гарантуе Данкверту вяртаньне ў Расею. А напрыканцы сакавіка паведамлялася, што кіраўнік «Рассельгаснагляду» ўжо адказаў на пытаньні Генэральнай пракуратуры Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG