Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывуць і чым займаюцца салдаты на базе NATO ў Эстоніі. ВІДЭА


Эстонская вайсковая база ў Выру падобная на студэнцкі гарадок. Маляўнічае месца, вакол лес, некалькі акуратных цагляных будынкаў, футбольная пляцоўка, стаянка для ровараў. Зьбіваюць з толку толькі высокі плот па пэрымэтры і КПП.

Малодшы лейтэнант Яаніка і лейтэнант Міка строга забаранілі нам здымаць прапускны пункт і будынак штабу — гэта важныя стратэгічныя аб’екты. А вось паглядзець казарму і на свае вочы пабачыць, як жывуць эстонскія салдаты, можна без праблем.

Цяпер у кожным пакоі — па 20 чалавек. Ложкі стаяць усутыч, даволі цесна. Затое ва ўсіх салдатаў ёсьць вялікія шафы: у іх прызыўнікі могуць захоўваць ня толькі вайсковыя, але і асабістыя рэчы, напрыклад тэлефоны і кампутары. Карыстацца гаджэтамі ў эстонскай арміі дазволена, але толькі ў межах пакоя.

У вольным часе можна спусьціцца ў спартзалу. Праўда, вольнага часу ў салдата мала, распарадак у частцы расьпісаны штохвілінна, — распавядае лейтэнант Міка Алікмаа.

«Пад’ём у 5.45, потым зарадка на вуліцы — бег, адцісканьні, расьцяжка. Пасьля гэтага сьняданак, — пералічвае Міка Алікмааа, лейтэнант Другой пяхотнай брыгады арміі Эстоніі. — Ад восьмай раніцы да пятай вечара зь перапынкам на абед ідуць заняткі — лекцыі ў клясах, трэніроўкі, вучэньні. Потым вольны час або прыборка памяшканьняў, вячэра, душ. І роўна а 10-й вечара — адбой».

У сталовай у штодзённым мэню — суп, сьвежая гародніна, мяса, гарнір і дэсэрт. Для вэгетарыянцаў або людзей з алергіяй гатуюць асобна. Праўда, сёньня большасьць прызыўнікоў абедаюць «у полі»: у батальёна — вучэньні, і на базу салдаты вернуцца позна ўначы. Вучэньні праходзяць кожны тыдзень. На гэтым тыдні, паводле пляну, прызыўнікі адпрацоўваюць навыкі абароны баявой калёны.

«Мы дзелімся на дзьве каманды. Адна хаваецца ў лесе і атакуе канвой. А другая каманда павінна адказаць на напад і ачысьціць лес ад ворагаў», — распавядае камандзір вучэньняў Марыё Кынд.

Галоўнае, кажа камандзір, — каб напад быў раптоўны: гэта ж трэніроўка. Пабегаць салдатам даводзіцца як сьлед: спачатку — гнаць ворага па лесе кілямэтры чатыры, а потым — яшчэ даганяць свае грузавікі.

Большасьці з тых, хто служыць у Выру, па 18-19 гадоў. Большасьць — добраахвотнікі.

Аляксандар прыйшоў у армію адразу пасьля школы.

«Чаго ўжо цярпець і чакаць, пакуль прызавуць? — распавядае ён. — Ты тады сам ня зможаш выбраць, куды ты хочаш. Вось, сам вырашыў прыйсьці».

У эстонскае войска бяруць ня ўсіх. Ёсьць квота — каля 3 тысяч чалавек за год. Адбірае салдатаў тэрміновай службы спэцыяльная камісія, у першую чаргу бяруць добраахвотнікаў. Добраахвотнікі могуць пачаць службу ў 18 гадоў, а тых, каго прызвалі позвай — з 21 года. Аляксандар лічыць, што чым пазьней надзенеш вайсковую форму, тым цяжэй будзе прызвычаіцца да новага ладу жыцьця. І хоць у Эстоніі служаць усяго 11 месяцаў, армія — асаблівы этап у жыцьці.

«Сваімі справамі ня можаш займацца, асабістае жыцьцё на другі плян адыходзіць, — пералічае Аляксандар. — З асабістым жыцьцём наогул праблемы, многіх дзяўчаты кідаюць. У гэтым сэнсе цяжка, вядома. Такія тонкія перажываньні. Нас выпускаюць з базы на выходныя, але могуць і ня выпусьціць. Шмат хто так і жыве: ад «увалу» да «увалу».

Аляксандра дома чакае дзяўчына, і ён спадзяецца, што яна яго дачакаецца. Служыць яму засталося яшчэ тры месяцы. Улетку яго адправяць у запас, а восеньню Саша плянуе паступіць ва ўнівэрсытэт. Спэцыяльнасьць, праўда, яшчэ ня выбраў: кажа, што пра гэта трэба падумаць пасьля адбою.

«Настоящее время»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG