Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Трамп упершыню сустрэнецца зь лідэрам КНР Сі Цзіньпінам


Старшыня КНР Сі Цзіньпін (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Старшыня КНР Сі Цзіньпін (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Лідэры ЗША і Кітая правядуць на гэтым тыдні першую сустрэчу ў рэзыдэнцыі Трампа ў Флорыдзе.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і старшыня КНР Сі Цзіньпін упершыню сустрэнуцца на гэтым тыдні ў загараднай рэзыдэнцыі Трампа Мар-а-Лага ў Флорыдзе, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле аналітыкаў, гэтая сустрэча мае вялікае значэньне для ўнясеньня стабільнасьці ў стасункі паміж дзьвюма найбуйнейшымі эканомікамі сьвету.

Зрэшты, ужо цяпер узьнікае шмат пытаньняў.

Напярэдадні сустрэчы Трамп ужо выказаў здагадку, што перамовы будуць складанымі, улічваючы велізарны гандлёвы дэфіцыт ЗША з Кітаем. Акрамя таго, ён зноў заклікаў Кітай прыкласьці больш намаганьняў для стрымліваньня амбіцыяў КНДР.

У нядзельным інтэрвію Financial Times Трамп заявіў, што калі Кітай ня вырашыць праблему, то гэта зробяць ЗША.

Пэкін, са свайго боку, мяркуючы па ўсім, больш заклапочаны кліматам адносін і слоганамі. Зыходзячы з заяў аналітыкаў і кітайскіх уладаў, у КНР будуць уважліва сачыць за ходам перамоў у пошуках прыкмет таго, што Вашынгтон можа прыняць новую канцэпцыю дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі: так званы «новы стыль стасункаў паміж буйнымі дзяржавамі».

Кітай разьлічвае, што Трамп пацьвердзіць сказанае дзяржсакратаром Рэксам Тылерсанам падчас ягонага візыту ў Пэкін у мінулым месяцы.

«Два прэзыдэнты вызначаць прыроду стасункаў паміж Кітаем і ЗША ў адпаведнасьці з характарыстыкамі, якія прадугледжвае гэтая фраза: адсутнасьць канфліктаў і канфрантацыяў, узаемная павага, узаемавыгаднае супрацоўніцтва», — прагназуе палітоляг з Пэкінскага ўнівэрсытэту Ван Дун.

Паводле яго, Кітай спадзяецца, што нефармальная сустрэча прыўнясе ў адносіны некаторую стабільнасьць і дапаможа разьвеяць няпэўнасьць, якая узьнікла пры зьмене адміністрацыі.

Ван Дун лічыць, што сустрэча наўрад ці ўвянчаецца прарывам у найбольш далікатных пытаньнях, аднак можа дапамагчы скласьці ўяўленьне пра далейшае разьвіцьцё дачыненьняў.

«Сустрэча дапаможа прыўнесьці стабільнасьць у чаканьні наконт будучай траекторыі разьвіцьця амэрыканска-кітайскіх стасункаў», — лічыць ён.

Рос Файнголд мяркуе, што ключавым фактарам будзе тое, ці змогуць два лідэры пачаць строіць плённыя асабістыя дачыненьні.

«Сі Цзіньпін, відавочна, хоча наладзіць працоўныя адносіны з прэзыдэнтам Трампам, каб два бакі змаглі прасоўвацца ў рашэньні шматлікіх пытаньняў у іхнай двухбаковай праграме... Моцныя асабістыя стасункі маюць вялікае значэньне для дасягненьня двухбаковых мэтаў», — адзначае ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG