Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка: Расея абяцае пастаўляць Беларусі 24 мільёны тон нафты штогод


Беларускі віцэ-прэмʼер Уладзімер Сямашка заявіў, што Расея адновіць пастаўкі нафты ў Беларусь у абʼёме 24 мільёнаў тон у год, пачынаючы з 2017 году, і працягне да 2024 году.

«Расея аднаўляе пастаўкі нафты ў Рэспубліку Беларусь, якія прапісаныя дзеючым пагадненьнем, то бок 24 мільёны тон у год. Такія абʼёмы будуць пастаўляцца з гэтага году і да 2024 году ўключна», — цытуе ТАСС віцэ-прэмʼера.

«Пры гэтым да 2018 году ўключна з 24 мільёнаў 18 будзе адпраўляцца на перапрацоўку НПЗ нам. Гэта прымальна, выгадна для заводаў. Ну, а 6 млн тон будуць перамытняцца — такі тэрмін мы ўжылі. Важна, што ўвозныя пошліны ад гэтага перамытненьня будуць паступаць у бюджэт Рэспублiкi Беларусь», — дадаў Сямашка ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».

Пастаўкі нафты адновяцца ў ранейшых аб’ёмах «зусім хутка — не пазьней за 13 красавіка», паведаміў тэлеканал.

Нафтагазавая спрэчка, якая ад мінулага году доўжыцца паміж Беларусьсю і Расеяй, уздымалася падчас сустрэчы прэзыдэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Са спасылкай на віцэ-прэм’ера расейскага ўраду Аркадзя Дварковіча паведамлялася: як толькі Беларусь заплаціць 726 мільёнаў даляраў, запазычаных за спажыты прыродны газ, Расея паставіць 24 мільёны тон нафты на беларускія НПЗ — замест раней дамоўленых 16 мільёнаў тон.

Аднак пакуль вольных грошай у беларускім бюджэце няма, Менск спадзяецца на чарговую адтэрміноўку платы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG