Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дадатковыя аб’ёмы нафты з Расеі — толькі пасьля аплаты газавага доўгу


Расейская «Транснафта» не адмаўляе, што валодае тэхнічнымі магчымасьцямі для таго, каб паставіць сёлета нафтаправодам у Беларусь агулам 24 мільёны тон нафты. Пра гэта паведамляе агенцтва «Прайм» са спасылкай на дарадцу прэзыдэнта кампаніі Ігара Дзёміна.

«Тэхнічная магчымасьць прапампаваць да канца году 24 мільёны тон на беларускія НПЗ ёсьць. Але неабходна пацьвярджэньне ад заводаў пра здольнасьць узяць для перапрацоўкі 20 мільёнаў тон у астатнія тры кварталы», — сказаў Дзёмін.

Пры гэтым ён удакладніў, што на гэты момант кампанія працуе згодна з ранейшым графікам пастаўкі сыравіны на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — 4 мільёны тон нафты на квартал, ці 16 мільёнаў тон цягам году.

Нафтагазавая спрэчка, якая ад мінулага году доўжыцца паміж Беларусьсю і Расеяй, уздымалася падчас сустрэчы прэзыдэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Са спасылкай на віцэ-прэм’ера расейскага ўраду Аркадзя Дварковіча паведамлялася: як толькі Беларусь заплаціць 726 мільёнаў даляраў, запазычаных за спажыты прыродны газ, Расея паставіць 24 мільёны тон нафты на беларускія НПЗ — замест раней дамоўленых 16 мільёнаў тон.

Аднак пакуль вольных грошай у беларускім бюджэце няма, Менск спадзяецца на чарговую адтэрміноўку платы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG