Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін такім козырам, як Лукашэнка, раскідвацца ня будзе, — Алесін


Аляксандар Алесін

Аляксандар Лукашэнка па выніках перамоваў 3 красавіка з Уладзімерам Пуціным заявіў, што галоўным пытаньнем на парадку дня была бясьпека. Ён удакладніў, што прыярытэты не былі выкліканыя ўчорашнім выбухам у пецярбургскім мэтро.

«Так было заплянавана, гэта асноўнае пытаньне. Не нафтагазавымі пытаньнямі пачалі абмеркаваньне, а сапраўды асноўную ўвагу ўдзялілі даўно заплянаванаму пытаньню бясьпекі нашых дзяржаў. Мы хацелі б проста захаваць стабільнасьць Расеі і Беларусі — занадта мала засталося ціхіх, спакойных месцаў на плянэце. І мы дамовіліся аб сумесных дзеяньнях дзеля захаваньня нашай бясьпекі, нашых дзяржаў», — падсумаваў Лукашэнка падчас брыфінгу.

Экспэрт у вайсковай галіне Аляксандар Алесін схільны верыць словам Лукашэнкі. Як паказвае ўвесь папярэдні досьвед, пытаньне падтрыманьня саюзнай абароназдольнасьці застаецца непарушным нават на фоне палітычных і эканамічных канфліктаў:

«Я схільны верыць Лукашэнку, што першапачаткова пытаньні бясьпекі, абароназдольнасьці былі на першым месцы. Найперш таму, што ў гэтых пытаньнях пазыцыі бакоў практычна супадаюць. Як бы далёка не заходзілі палітычныя і эканамічныя спрэчкі, ніводзін пункт пагадненьня ў абароннай частцы ні АДКБ, ні саюзнай дзяржавы ня ставіўся пад сумнеў. Мы бачым, што нават у самыя жорсткія моманты супрацьстаяньня сумесныя вучэньні ня толькі не былі пад пытаньнем, наадварот, інтэнсіўнасьць трэніровак расейскіх і беларускіх дэсантнікаў рэзка ўзрастала: летась было парадку 30 вучэньняў, сёлета, мабыць, рэкорд будзе пабіты. Думаю, бакі асэнсавана падцягнулі гэтае пытаньне на першы плян, бо тут у іх поўны кансэнсус і згода».

Як лічыць суразмоўца, замірэньне бакоў прысьпешвае вонкавы фактар — практычна вырашаная пэрспэктыва зьяўленьня натаўскіх ракетаў на межах так званай саюзнай дзяржавы:

Лукашэнка сьвядома пэдаляваў гэтае пытаньне, бо разумее: ва ўмовах набліжэньня інфраструктуры NATO, разьмяшчэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Румыніі, безь Беларусі Пуціну не абысьціся.

«Вядома, Лукашэнка сьвядома пэдаляваў гэтае пытаньне, бо разумее: ва ўмовах набліжэньня інфраструктуры NATO, разьмяшчэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Румыніі, безь Беларусі Пуціну не абысьціся. Акрамя таго, прэзыдэнт ЗША Трамп паставіў задачу правесьці мадэрнізацыю і нарасьціць стратэгічны патэнцыял, што ў агляднай будучыні прывядзе да моцных рознагалосьсяў паміж Масквой і Вашынгтонам па стратэгічнай зброі сярэдняй і меншай далёкасьці. Учора ў Піцеры гэты момант толькі дадаў гірак на шалю. Таму ў гэтым пляне якраз быў пункт дотыку, асноўнае ядро, зь якога выходзілі эканамічныя пытаньні. Эканамічны складнік у гэтым сэнсе меў толькі падпарадкаваную ролю».

Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін лічыць, што Беларусі адводзіцца роля буфэру ў супрацьстаяньні Расеі з ЗША, таму ўсе эканамічныя рознагалосьсі паміж Масквой і Менскам будуць прыносіцца ў ахвяру антынатаўскаму шчыту:

«Праблема пагражае выйсьці на першае месца і, як я думаю, сустрэча Пуціна з Трампам на палях „дваццаткі“ будзе прысьвечаная перадусім гэтаму пытаньню. Безумоўна, зьяўленьне амэрыканскіх ракетаў сярэдняй далёкасьці ў Эўропе рэзка зьмяняе стратэгічную сытуацыю: да Масквы становіцца зусім блізка, абараніць расейскую сталіцу будзе вельмі складана. Безь Беларусі — практычна немагчыма. Таму Пуцін такім козырам, як Лукашэнка, раскідвацца ня будзе. Відавочна, што на такім фоне абодва бакі пайшлі на саступкі; мяркую, кожны атрымаў тое, чаго хацеў. Бо справа была ня толькі ў нафце і газе, але і ў роўных умовах — у тым ліку доступу на расейскі рынак нашай сельгаспрадукцыі і прамысловых тавараў. Апошнім часам зьявіліся тэндэнцыі на абмежаваньне доступу нашых тавараў у Расею».

Аляксандар Лукашэнка ў часе выступу перад журналістамі фактычна прызнаў, што вяртаецца да палітыкі выстройваньня міжнароднай палітыкі праз узгадненьне з Крамлём:

«Я прасіў Уладзіміра Ўладзімеравіча, каб ён не забываў пра Беларусь, строячы дачыненьні з буйнымі дзяржавамі. Тым больш будуць сустрэчы ў „дваццатцы“. Я атрымаў гарантыю, што ён будзе падтрымліваць нас на ўсіх форумах, як гэта рабіў і раней», — сказаў беларускі кіраўнік.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG