Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Можа выявіцца, што вынікі перамоваў бакі разумеюць па-рознаму, — экспэрт пра дамоўленасьці Пуціна і Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас перамоваў у Санкт-Пецярбургу. 3 сакавіка 2017 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас перамоваў у Санкт-Пецярбургу. 3 сакавіка 2017 году

Аляксандар Лукашэнка па выніках учорашніх перамоваў у Санкт-Пецярбургу са сваім расейскім калегам Уладзімірам Пуціным заявіў, што сёлета Расея рэфінансуе даўгавыя абавязаньні Беларусі.

«Сёньня-заўтра Ўладзімір Уладзіміравіч аддасьць адпаведнае распараджэньне ў гэтым пытаньні», — удакладніў Лукашэнка.

Ці азначае гэта, што беларускім уладам удалося прынамсі адтэрмінаваць дэфолт, непазьбежнасьць якога прадракалі некаторыя эканамісты? Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб кажа, што для пачатку трэба дакладна ведаць, ці сапраўды прэзыдэнты дамовіліся пра тое, што агучваюць:

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Дастаткова часта здараецца так, што пасьля сустрэчаў на высокім узроўні лідэры нешта гавораць, але без дэталяў. А калі гэтыя дэталі робяцца вядомымі, яны сур’ёзна разыходзяцца зь першапачатковымі заявамі. Цяпер асабліва відаць, што беларускі і расейскі бакі выдаюць інфармацыю надзвычай дазавана і рознымі кавалкамі.

Па-сутнасьці, пра тое, што мы павінны вярнуць доўг, назапашаны за газ, ведаем толькі са словаў расейскага віцэ-прэм’ера Дварковіча. Пра тое, што нейкая беларуская запазычанасьць будзе рэфінансаваная Расеяй, ведаем толькі з заяваў Лукашэнкі. Таксама ведаем, што ўсе дэталі павінны ўтрэсьціся ці то цягам 1-2 дзён, ці то 10 дзён. Іншымі словамі, агульнай карціны дамоўленасьцяў няма да гэтага часу. У прыватнасьці, прагучала, што будзе зьніжка па цане на газ у 2018 і 2019 гадах, хоць па-ранейшаму невядома, што будзе з цэнамі сёлета і як іх будуць лічыць за мінулы год. Сказаць, што сустрэча дала адказ на ўсе праблемныя пытаньні, не выпадае».

Агулам выплаты па доўгу Беларусі складаюць сёлета каля 3,5 мільярда даляраў, блізу 1,5 мільярда ў гэтай суме — выплаты па салідарных крэдытах Расеі, уключна зь фінансавай дапамогай ад эўразійскіх банкаўскіх структураў. Ці можа весьціся размова пра «дараваньне» пазыкаў перад Масквой?

«Пра дараваньне ўвогуле ніхто нічога не гаварыў. Найлепшы вынік для Беларусі, што і было агучана, — рэфінансаваньне доўгу перад Расеяй толькі на гэты год. Прычым незразумела, якога менавіта доўгу і ў якой частцы — ці маюцца на ўвазе назапашаныя нявыплаты за газ, якія літаральна напярэдадні Беларусь яшчэ не прызнавала, ці гаворка пра вяртаньне крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, ці пра нейкія іншыя пазыкі.

Важна разумець, што чыста тэарэтычна, нават у адсутнасьць рэфінансаваньня, у нас золатавалютныя рэзэрвы складаюць дзесьці 5 мільярдаў даляраў. Гэта значыць, нават у самым горшым выпадку можна аплаціць даўгі за кошт наяўных рэзэрваў, цягам году дэфолту ўдалося б пазьбегнуць. Тым ня менш такое істотнае зьніжэньне рэзэрваў для Беларусі было б надзвычай непрыемным фактарам».

І ўсё ж ці здолее Масква прымусіць Менск плаціць па даўгах? Вадзім Іосуб не выключае, што нават пасьля дэкляратыўных заяваў пра заключаныя дамоўленасьці на высокім узроўні канфлікт можа разгарэцца з новай сілай — няма пэўнасьці, што бакі вынікі перамоваў разумеюць аднолькава:

«Уласна кажучы, пакуль што мы ведаем пазыцыю Аркадзя Дварковіча; ведаем, што было агучана беларускім урадам літаральна напярэдадні сустрэчы — маўляў, ніякага доўгу няма. Таму хацелася б усё ж дачакацца комплекснага тлумачэньня таго, пра што дамовіліся. Бо калі тычыцца толькі газавых праблемаў, то цягам усяго мінулага году шлі інтэнсіўныя перамовы на ўзроўні ўрадаў. Але пасьля кожнага раўнду расейскі бок агучваў адну вэрсію, беларускі — іншую. Так што цалкам магчыма, што і па выніках учорашняй сустрэчы на вышэйшым узроўні мы можам сутыкнуцца з тым, што бакі вынікі перамоваў разумеюць па-рознаму. Прынамсі выключаць такі варыянт нельга».

Лукашэнка на ўчорашнім брыфінгу заявіў, што на гэты момант у яго з Пуціным не засталося нявырашаных пытаньняў.

«Мы змаглі зазірнуць у будучыню функцыянаваньня нашых эканомік, вырашылі ўсе пытаньні», — адзначыў ён і выказаў упэўненасьць, што цягам 10 дзён урады Расеі і Беларусі ўсё фармалізуюць і ўвядуць эканомікі ў нармальны рытм працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG