Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі сказаў, што 25 сакавіка не было зьбітых, ніводзін міліцыянт ня ўзьняў дубінку. Відэа зьбіваньня


Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017 году

Перад пачаткам вясеньняй сэсіі Палаты прадстаўнікоў карэспандэнтка «Комсомольской правды в Белорусии» Ірына Козьлік паспрабавала распытаць дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Станіслава Зася пра падзеі 25 Сакавіка.

Ірына Козьлік у ліку іншых журналістаў была затрыманая падчас Дня Волі, і яна спытала ў Зася, якая патрэба была жорстка абыходзіцца з уласнымі грамадзянамі, добрая палова якіх «пад раздачу» трапіла абсалютна выпадкова?

«Што было, вы самі бачылі. Была спроба правесьці несанкцыянаванае мерапрыемства тут, у Менску. Гэта не дапушчальна. Хацеў бы зьвярнуць увагу: усё было вельмі карэктна, ніякіх сілавых захадаў не ўжывалася», — зазначыў кіраўнік Савету бясьпекі.

На заўвагу, што дзясяткі зьбітых, акрываўленых людзей у парванай вопратцы Ірына Козьлік сама бачыла ў Заводзкім РУУС Менску, сілавік адмахнуўся:

«Ды не было такога! Я паглядзеў дзясяткі фотаздымкаў, ролікі, у тым ліку выкладзеныя ў інтэрнэце. І атрымаў інфармацыю ад сілавых структур. Ніводзін міліцыянт не дастаў дубінку падчас гэтага мерапрыемства! Гэта самае галоўнае».

Станіслаў Зась патлумачыў, чаму ў папярэднія гады Менгарвыканкам даваў дазвол на правядзеньне Дня Волі, а сёлета ў апошнім момант узьнік канфлікт інтарэсаў з заяўнікамі:

«Мы, калі даём дазвол на правядзеньне мерапрыемства, павінны быць упэўненыя, што забясьпечым там парадак і бясьпеку нашых грамадзянаў. А тут паступае інфармацыя, што рыхтуюцца правакацыі. І сур’ёзныя правакацыі, не жартоўныя».

Ён удакладніў, што на гэты конт паступіла інфармацыя ад «аднаго з нашых пасольстваў у заходняй краіне». Таму было прынятае рашэньне «прытрымаць дазвол на акцыю 25 Сакавіка». У выніку месцам сьвяткаваньня была вызначана плошча Бангалор, што заяўнікаў не задаволіла.

Калі Ірына Козьлік пацікавілася, колькі каштаваў бюджэту «парад» спэцтэхнікі і мабілізацыя тысяч экіпіраваных сілавікоў, генэрал пажурыў журналістку — маўляў, лічыць выдаткі на такія мэты няправільна:

«Галоўнае, каб былі гарантаваныя парадак і бясьпека нашай краіны. Але на самой справе гэта ўсё капейкі», — супакоіў дзяржсакратар Зась.

Прэзыдэнцкім указам Станіслаў Зась прызначаны дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Беларусі ў лістападзе 2015 году. Нарадзіўся ў Чарнігаўскай вобласьці, скончыў Бакінскую агульнакамандную вайсковую вучэльню, Вайсковую акадэмію Беларусі, а таксама Вайсковую акадэмію генштабу Узброеных сілаў Расеі. Кандыдат ваенных навук.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG