Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень выбараў. Стары новы кіраўнік Сэрбіі, кансэрватары ў Армэніі, Ленін на інвалідным вазку ў Эквадоры


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Вучыч на сустэчы ў Маскве 27 сакавіка 2017 году
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Вучыч на сустэчы ў Маскве 27 сакавіка 2017 году

У нядзелю, 2 сакавіка, у некалькіх краінах сьвету прайшлі выбары дзяржаўнага кіраўніцтва.

Сэрбія ўчора выбірала прэзыдэнта. Паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, якія перадае сэрбскае Радыё Свабодная Эўропа, перамогу з прыблізна 57% галасоў мае атрымаць Аляксандар Вучыч, які раней быў прэм’ер-міністрам краіны.

Вучыч раней заяўляў, што адзіным рашэньнем косаўскага канфлікту было бы прызнаньне незалежнасьці Косава, але Сэрбія, казаў ён, «ня мае права адракацца ад сваёй тэрыторыі». Паводле Deutche Welle, Вучыч і без прэзыдэнцкага крэсла «меў абсалютную ўладу ў краіне», у мясцовых СМІ ён прадстаўляўся толькі станоўча. Паводле выданьня, Вучыч выказваўся адначасова за далучэньне да Эўразьвязу і за супрацу з Расеяй.

Сэрж Саргсьян — дзейны прэзыдэнт Армэніі, лідэр Рэспубліканскай партыі
Сэрж Саргсьян — дзейны прэзыдэнт Армэніі, лідэр Рэспубліканскай партыі

Армэнія ў той жа дзень выбірала парлямэнт — Нацыянальны сход. Паводле папярэдніх вынікаў, якія перадае армянская служба Радыё Свабода, кіроўная кансэрватыўная Рэспубліканская партыя атрымала амаль 60% галасоў, сьледам ідзе блёк «Царукян» з 22% галасоў. У парлямэнт таксама праходзяць блёк «Елк» і партыя «Дашнакцуцюн». Незалежныя назіральнікі фіксавалі разнастайныя парушэньні, у тым ліку прымус да галасаваньня, раздачу або абяцаньне хабару, напад на журналіста. Шэраг парушэньняў правяраюць сьледчыя.

Гэтыя выбары — першыя пасьля канстытуцыйнай рэформы 2015 году, у адпаведнасьці зь якой Армэнія пераходзіць да парлямэнцкай формы кіраваньня. Паводле паправак да Канстытуцыі, новы армянскі парлямэнт будзе сфармаваны выключна паводле шматпартыйнай прапарцыйнай выбарчай сыстэмы.

Ленін Марэна
Ленін Марэна

Эквадор тым часам выбіраў прэзыдэнта. У другім туры каля 51%, паводле папярэдніх вынікаў, набраў кандыдат ад кіроўнай сацыялістычнай партыі былога віцэ-прэзыдэнта Ленін Марэна, перадае BBC. Кансэрватар Гільерма Ласа атрымаў каля 49% галасоў, ён абяцаў патрабаваць пералічваньня галасоў.

Імя Ленін палітыку даў ягоны бацька, які ідэалізаваў расейскую рэвалюцыю. Але сам Ленін Марэна ня лічыць сябе камуністам, а называе сацыялістам. Ён інвалід-калясачнік, пасьля нападу рабаўнікоў у 1998 годзе мае паралізаваныя ногі. За актыўную дзейнасьць у дапамозе людзям з абмежаванымі магчымасьцямі яго аднойчы вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру, з канца 2013 году ён спэцыяльны амбасадар ААН у пытаньнях інваліднасьці.

У Эквадоры чакаецца эканамічнае падзеньне (на 3% ВУП за 2017 год), бальшыня эквадорцаў чакае радыкальных эканамічных пераменаў, а дзейнага віцэ-прэзыдэнта абвінавачваюць у карупцыі — з гэтымі справамі давядзецца разьбірацца новаму прэзыдэнту. Таксама ад новага прэзыдэнта чакаюць вырашэньня лёсу стваральніка Wikileaks Джуліяна Асанджа, які ўкрываецца ў лёнданскай амбасадзе краіны ад 2012 году. Марэна казаў, што дазволіць Асанджу там застацца, Ласа ж абяцаў яго тэрмінова выдварыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG