Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З гомельскай турмы вызвалілі арыштаваных за перапост інфармацыі аб «Маршы недармаедаў-2»


Марш недармаедаў у Гомелі 19 лютага 2017 году.

Ізалятар часовага ўтрыманьня пакінулі пасьля адбыцьця васьмі сутак адміністрацыйнага арышту актывіст апазыцыі Юры Захаранка, фрылансэр Андрэй Толчын і блогер Арцём Шапораў.

Яны былі асуджаныя 24 сакавіка паводле артыкулу 23.34 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэньня (парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства). Ім усім ставілася ў віну распаўсюджваньне заклікаў прыйсьці на маючы адбыцца 25 сакавіка «Марш недармаедаў-2» шляхам перапостаў гэтай інфармацыі ў сацыяльных сетках.

1 красавіка Захаранку, Толчына і Шапорава сустракалі сваякі і сябры. Але Толчына і Захаранку міліцыя вывезла з ізалятару ў Савецкі РАУС. Шапорава пасьля адбыцьця арышту міліцыянты ў кайданках вывезьлі ў Чыгуначны РАУС.

«Я спаў у пухавіку, пад коўдрай і мне ўсё роўна было холадна. Ежа пастаянна была халодная. Але я адпачыў за восем дзён, выспаўся, набраўся сіл, пачытаў часопісы і кнігі. Я патрабаваў пастановы суду ўсе восем дзён, і мне яе ніхто ня даў. Да палітычных ставіліся яшчэ больш-менш, некаторыя канваіры казалі, што падтрымліваюць нас, яны скардзіліся, што мала зарабляюць», -. сказаў пасьля вызваленьня Шапораў.

Ён перадаў просьбу вядомага блогера Максіма Філіповіча пра тое, што яму ў панядзелак патрэбен будзе адвакат, бо мінае тэрмін падачы скаргі на пастанову суду.

Філіповіч адседзеў за ўдзел у «Маршах недармаедаў» у Гомелі і Брэсьце ўжо 18 сутак, і 31 сакавіка павінен быў пакінуць турму. Але аказалася, што яму дадалі яшчэ 7 сутак арышту, за ўдзел у акцыі недармаедаў у Маладэчне. Паводле папярэдняй інфармацыі, суд у Маладэчне завочна вынес пастанову адносна блогера.

Усіх актывістаў, якія вызваляліся 31 сакавіка і 1 красавіка, міліцыя вывозіла з ізалятару або загадзя, або ў аддзяленьні ўнутраных спраў па месцы жыхарства. Магчыма, такія меры былі прынятыя пасьля таго, як сустрэчы вызваленых каля будынку турмы праходзілі пры ўдзеле некалькіх дзясяткаў чалавек, пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Аўтамабілісты, якія праяжджалі міла, сыгналілі прысутным, убачыўшы бел-чырвона-белы сьцяг. Так сустракалі адпушчаных на волю пасьля арышту намесьнік старшыні АГП Васіля Палякова і сябра гомельскага камітэту ў справе адмены дэкрэту № 3 Уладзімера Кацору.

Таксама 1 красавіка павінен пакінуць ізалятар праваабаронца Анатоль Паплаўны, які знаходзіцца там ужо 15 сутак. На 10 сутак арышту ён быў пакараны за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Гомелі 19 лютага, і яшчэ пяць сутак яму дадаў суд Савецкага раёну за ўдзел у аналягічнай акцыі ў Рагачове 12 сакавіка.

Пра гэта інфармуе БелаПАН.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG